Your cart is currently empty!
Author: vydaviectva
Калектыўная гістэрыя, даўгія катакомбы й вольныя пагалоскі
Цімур Кудзеліч пра кнігу Ганны Комар „Калі я выйду на волю“
Там, дзе розныя малююць твар скрушальнай падзеі, разглядаюць яго, а (ад)розныя падчас скрухі імкнуцца паказаць адное толькі свой, насуперак традыцыі зьявілася кніга, што дыхае ў сто галасоў, шапоча, шэпча і крычыць. “Калі я выйду на волю” не імкнецца акрэсьліць, амаляваць. Яна нават не імкнецца дакумэнтаваць. Але такая кніга ёсьць малюнкам, дакумэнтам і, найважней, гісторыяй.
Чакаю, пакуль уключаць
начное святло, каб
застацца ў цішыні1.
у нашай камеры
на чатырох усё агульнае
вадкае белае
ліпкае вохравае святло
рыпенне ложка
холад скручаны абаранкам
чыстае паветра са шчыліны ў акне
сонца за густым шклом
грукат вольных цягнікоў
бразгат дзвярэй
перастукванне праз сценыцёплая вада ў душы
дэзадарант
газета сканвордаў
голас які чытае кнігу
згушчаны час
просьбы
праклёны
кашмары
і адно на ўсіхКалі гэта скончыцца?
Магчыма, марна цяпер такое пытаць. Рэвалюцыя 2020 году скончылася. Гэта дае магчымасьць яе ўсьвядоміць і пачаць жыць плёнамі такога ўсьведамленьня. Мы ня вернемся дамоў з чужых краінаў і не павыходзім з турмаў вынікам даўно прамінулых пратэстаў. Але іх вынікам мы працягваем памятаць, гаварыць і рэфлексаваць, каб шляхом шчырай рэфлексіі прыйсьці да новых спосабаў супраціву.
Кожны з нас мае ўспамін з Рэвалюцыі 2020 году. Такія ўспаміны складаюцца ў аповеды, пераказваюцца безьліч разоў, раз за разам на іх нарастаюць адценьні, эмоцыі й падрабязы.
Падаецца:
дручок
пушкінская
гранаты
крывя
стрэлы
лукашэнка
рыга
– гэта жах.Ва ўсеагульным самапаўторы губляецца цікаўнасьць. Здаецца, нават прамоўцы ўжо абрыдла распавядаць, дзе ён быў 9 жніўня ці 8 верасьня.
Але ж нельга спыняцца!
Нельга сказаць:
“Мне нецікава проста так слухаць пра тое, як цябе катавалі”.
І мы ўсё гэта чуем і нават – мы гэта слухаем. І мы ўсе ўсё разумеем. Уласна таму гэтыя катаваньні іншага збольшага не выклікаюць сапраўднага пачуцьцёвага нішчэньня.
Але варта знайсьці патрэбную, сумленную форму, і гісторыя складзецца слушна. Такім чынам, зьявіцца асобны пераканаўчы сусьвет, які магчыма спазнаць, якому магчыма суперажываць.
Такім чынам, “Калі я выйду на волю” у сто вушэй нішчыць і ўражвае.
2.
У мяне ёсць
магчымасць пабачыць,
як яно ўсё працуе
знутры, і расказаць пра гэтаПаэтка Ганна Комар сабрала кампазыцыю з галасоў, якія прамаўляюць уразнабой, у розныя лады. Праз цэльную кампазыцыю складаецца гісторыя. З даволі трывіяльных для парэвалюцыйнага чалавека допісаў паўстае наратыў. То-бок, гэта ня кніга ўспамінаў, яна ня мае намерам выключна ўзгадаць ці падзяліцца. Гэтая кніга цікавая па-за кантэкстам, кантэкст – сродак эмацыйнай выразнасьці, празь яго ў сучаснага чытача выходзіць зручней спачуваць.
Першая траціна кнігі (а па адчуваньнях – цэлая палова) прысьвечаная аблозе гурточку людзей, прыціснутых да сьцяны на праспэкце Машэрава.
Нас акружылі і прыціснулі да сцяны.
Нашыя счэпкі разрываць было лёгка.
Яны не сталі для нас абаронай,
а засталіся метафарай супраціву.Гэты дзень – 8 верасьня 2020 г. Словы прамоўцаў-герояў кнігі прыводзяць іх ці іхных сваякоў да гэтайсьцяны. Далей разгортваюцца сцэны, годныя клясычных эпасаў. Дзе-нідзе сярод галасоў нібыта ўяўляецца голас сьляпца-казачніка (балазе, і мы такога маем), а скрозь блёкі тэксту працягваюць рукі героі знакамітых аблогаў.
Але ж людзі, закалочаныя ў тым месцы, сабраліся ў гурток зусім не наўмысна. А сьцяна з чырвонай цэглы дакладна ня ўтрымлівае асаблівае стратэгічнае мэты.
Таму што, можа быць,
мы не хацелі абараняцца.
Мы хацелі, каб нам
не трэба было абараняцца,
каб не было ніякай пагрозы.
Хацелі,
каб гэтыя людзі сыйшлі
і пакінулі нас у спакоі.Аблога чырвонацаглянай сьцяны хутка зваліцца ў абсурд. Абаронцы там – выпадкова, нападнікі там – бессэнсоўна. Ніхто зь іх дакладна ня ведае, што рабіць. Атрад жанчынаў перагрупаваўся ў абарону мужчын за іхнымі сьпінамі. Крыкі, сьпевы, ёкат, а насупраць – бязладныя дзеяньні сілавікоў. Усё расьцягваецца на гадзіны чаканьня.
Абарона будзе трываць, захоўваць істу і лёгіку. Усіх абаронцаў там яднае салідарнасьць, усіх нападнікаў там яднае загад.
Гэта ўжо не счэпкі былі,
мы проста абдымалі адна адну,
што было моцы, –
каб абараніць.Крохкім чынам шэрагі сталі ламаць. Абарона пахіснулася: за крохкім чынам пачаўся паўнавартасны наступ. Крыкі з усіх кутоў нарэшце злучыліся. Агрэсія, лаянка, лямант і гвалт.
Калектыўная гістэрыя.
раз’юшаныя, загнаныя
ў пастку жанчыныЗдаецца, абарона зламалася.
бык у чорнай форме,
вочы наліты крывёю,
хапае мяне за локаць
і вядзе.Далей – аўтазак, РАУС, суд, Акрэсьціна, Жодзіна – доўгая дарога дадому. Клясычныя сюжэты можна адшукаць паўсюль, але ж ім мы заўжды гатовыя верыць.
3.
Можа да лепшага,
што ноччу тут таксама
гарыць святло,
бо было б зусім вусцішна.Уначы там – начное хісткае сьвятло. Удзень – усё адно складана апісаць.
Людзі, якія праходзілі праз зьняволеньне, распавядаюць першасна пра людзей – арыенцір кожнага за кратамі. З боку калідорнага зыходзіць уладнае слова, якое неабходна чуць, з боку сукамэрнікаў – падтрымка, аповеды, жарты й усё тое іншае, што дапамагае не забыцца на звычайнае жыцьцё.
Але дзе гэта ўсё адбываецца?
Існуе шмат апісаньняў камэраў, у нас нават ёсьць замалёўкі адтуль. Але зьняволеньне – гэта надзвычайны стан. Наўпроставы расповед пра яго не перадасьць усёй карціны перажытага тым, хто самі праз РАУСы, ЦІПы, ІЧУы й іншыя астрогі не праходзілі. Тамтэйшыя памяшканьні расплываюцца пры пераносе іх у звычайны сьвет шляхам простага апісаньня.
Досьвед знаходжаньня за кратамі дасяжны толькі тым, хто знаходзіўся за кратамі. Нават пры ўсіх пажыцьцёвых цяжкасьцях складана ўявіць абасраны ўнітаз без агароджы ў пакойчыку, поўным людзей, ці выкарыстаньне кратаў сьцёкавай трубы ў якасьці абасранага ўнітаза падчас бясконцых шпацыраў, зь якіх вязьняў забылі забраць.
Для перадачы неймаверна вартай асэнсаваньня практыкі содняў, хіміі й калёніяў патрэбны асаблівы падыход. Расповед мусіць не рассыпацца, не разваліцца і не разьліцца. На маю думку, дзёньнікавая проза Ганны Комар уперамешку з аповедамі іншых людзей здольная вырашыць задачу вызваленьня гэтай практыкі з тагасьвету.
4.
Варта асобна адзначыць важнасьць дызайну ў рэалізацыі гэтага праекту. Шыхтаваньне “Калі я выйду на волю”, бадай, найсьмялейшае ва ўсім сучбелліце. І такая сьмеласьць апраўдала сябе: дызайнерская задума працуе належна. Пасечаныя тэкставыя блёкі, розныя кеглі й колеры літараў на адмыслова падабранай пажоўклай тонкай паперы.
цветы были
с собой
сухоцветы их
забрали она
сказала что
они погибнут
я говорю не
погибнут ониУ гэтай кнізе знакі прыпынку прысутнічаюць пераважна толькі ў аўтарскім – чырвоным – тэксьце. У запісах са словаў іншых пунктуацыя адпавядае толькі функцыі выразу яскравых эмоцыяў, а замест косак і кропак выкарыстоўваюцца павялічаныя прабелы. Выбар такой формы для перадачы (не)вымоўных паўзаў, напэўна, чаканы. Ва ўзаемадзеяньні чырвонага і чорнага тэкстаў найцікавей іншае: іхная часавая прыналежнасьць.
Дзёньнік аўтаркі пісаўся падчас зьняволеньня. Выказваньні іншых узгаданыя і запісаныя апасьля. Такім чынам, аўтарка і прамоўцы ўвогуле гавораць пра розны досьвед. У першым выпадку – гэта (генэралізавана) страх будучыні, у другім – гэта (генэралізавана) страх мінулага. Але паміж імі атрымліваецца добрае суладзьдзе. Яны супакойваюць адно аднога, часам рэхам паўтараюць адно аднога, чым паглыбляюць уражаньне. Часам супярэчаць адно адному, чым паглыбляюць гісторыю.
Чырвоны тэкст Ганны Комар выглядае занадта адрэдагаваным для таго, каб быць асобнай эмацыйнай “Калі я выйду на волю”, але разрозьненыя аповеды і ўспаміны іншых не ўтрымаліся б у межах адной складнай гісторыі безь яго. Такім чынам яны й вядуць адно аднога скрозь кнігу.
5.
короче не сын маминой подруги
это точноКніга была завершаная амаль праз тры з паловай гады пасьля апісаных у ёй падзеяў. У наш хуткацечны час усё павярхоўнае хутка становіцца неактуальным. Наўрад цяпер хтосьці б сапраўды пасьмяяўся з жарту пра сына мамінай падругі, наўрад б хтосьці сапраўды яго паўтараў. Але добра, што гэтыя мемы дайшлі да нас менавіта ў такім архаічным выглядзе. Цяпер да іх можна паставіцца сур’ёзьней – яны таксама рыса таго году.
Жарты герояў аўтэнтычныя і пазнавальныя. Так жартавалі гадамі. Жарты, што паходзяць ад мянтоў – гэта абсурд. Усе іхныя заляцаньні, кпіны, чарнуха, імправізаваныя гульні ўтвараюць адчуваньне нерэальнасьці рэчаіснай канфрантацыі. Але ж мы ведаем, што яна была і ёсьць. І гэта жахае.
Какая красивая
получилась бы
свадьба:
я в форме, ты…6.
Важна тое, што “Калі я выйду на волю” напісала жанчына. У кнізе няма выключнай прывязкі да праблемаў аднога гендару, але стрыжнем тут зьяўляецца апісаньне жаночага досьведу. Жанчыны ў сусьвеце мужланскіх турмаў могуць быць асабліва ўразьлівай групай. Але ў кнізе мы бачым, што дурному мачызму аказваецца шчыры супраціў.
Шчырасьць супраціву, шчырасьць Ганны Комар і шчырасьць кнігі агулам – гэта тое, што дае кнізе рэалізаваць задуманае.
“Калі я выйду на волю” – правільна складзены пазл. Кавалкі зь яго нельга вымаць і разглядаць паасобна, але іх можна перазьбіраць у іншыя карцінкі. Галоўнае, каб кожны вярнуўся дамоў.
Я ўжо ня проста іду, я бягу.
Бягу, проста каб выбегчы
і забыцца хутчэй на гэта.Recycled by Hanna Komar
Originally published in 2018, this book remains pertinent and moving (“Some of the poems from Recycled I still consider my best!””). The poems in this newly revised edition are strongly personal, yet they reflect a reality familiar to many of us: love, friendship, self-exploration, childhood memories, and fears.
John Farndon, poet and editor:
“Her work is full of tenderness, and wit, and lyricism. But above all, it is startling in its honesty, its determination to lay bare the experience of being a girl, then a young woman, growing up in a country that remains strongly patriarchal. It is intensely personal, yet must strike a chord with so many young women who will recognize the man-made cages she writes about with such bravery.”
Выдадзеная ў 2018 годзе, гэтая кніга застаецца актуальнай і кранальнай і для аўтаркі (“Некаторыя з гэтых вершаў я дагэтуль лічу сваімі найлепшымі!”), і для чытачоў. Вершы ў ёй вельмі асабістыя, але яны адлюстроўваюць рэчаіснасць, знаёмую многім з нас: каханне, сяброўства, самадаследаванне, успаміны дзяцінства і страхі.
Джон Фарндэн, паэт:
“Яе вершы поўныя пяшчоты, дасціпнасці і лірызму. Перш за ўсё яны ўражваюць сваёй шчырасцю, рашучасцю прагаварыць досвед дзяўчынкі і маладой жанчыны, якая расце ў глыбока патрыярхальнай краіне.”
„страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей“
Пастаноўка пытаньня, пытаньне і неабавязковы адказ. Страх іншага чалавека, ягонага ўяўленьня. Умоўнасьць! Страх адбіцца, пабачыць і адчуць. Палітычнае выказваньне, фарс у блытаных прасторах. Крохкія спробы й дэклямацыі, упэўненыя і бессэнсоўныя. Людзі бы ў люстрах — люструюцца. Маўленьне, пошук вымовы, хібная хада і праблемы з нагамі. Маленькі раман з карцінкамі й гэтак далей. Кот Грыпміна, імаверна лысы, шматгодзьдзе шархацеў у хмызах каля чыгуначнай станцыі Беларусь (некаторыя яго нават чулі!). А раптам выйшаў і паважна пайшоў да грамадзкай прыбіральні. Далей толькі бяда, а па ёй скруха, і гэтак зноў і гэтак далей. Пастаноўка пытаньня: а ці магчыма даць дакладны адказ? Ізноў, гэта чарговая камэдыя пра людзёў маладых і ня толькі.
Віктар Жыбуль:
„Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана „Значныя дні“, — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі. На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбываюцца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая „нармальнаму“ апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабочныя пэрсанажы. Наўмысна „няправільная“ мова аповеду. Ненарматыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы. Нават. Таксама. Падказкі, папраўкі й кпіны „закадравага“ камэнтатара. Малюнкі і фотаздымкі як ілюстрацыі ці… як замена самога тэксту?.. Рэалізм, сюррэалізм, пуантылізм і яшчэ цэлы жмут -ізмаў у адным фляконе. Перакідныя масткі ў авангард, рэнэсанс і лубок. Раман Цімура Кудзеліча — пра страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей. Сапраўдныя дні. Шчасьлівыя дні. Значныя дні. Іржавыя дні. Далей, ва ўнутар, — Уваход.“
Цімур Кудзеліч — пісьменьнік і кніжнік зь Менску. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасьці. Аўтар кнігаў прозы „ЯК“ і „Пацукі“, і паэтычнага зіну „бяз гэтага — усё“.
“Кэмэл-Трэвэл” Вольгі Гапеевай
Аўтабіяграфічны раман Вольгі Гапеевай “Кэмэл-Трэвэл” зноў можна набыць. Гэтым разам — як электронную кнігу.
Раман выйшаў у Менску ў 2019 годзе, атрымаў шмат цёплых водгукаў, а на наступны год трапіў у кароткі сьпіс прэміі Гедройця. Пасьля разгрому недзяржаўных выдавецтваў у 2021 годзе наклад застаўся ў Беларусі. Але “Кэмэл-Трэвэл” — занадта прыгожая і важная кніга, каб заставацца ў мінулым. Так, яна пра час, якога ўжо няма. Але перадусім яна пра знаёмыя кожнаму тэмы: дзяцінства, дарослыя, пазнаньне каштоўнасьцяў, складаныя і дзіўныя выбары, — на якія аўтарка азіраецца цяпер зь цеплынёй.
Раман можна набыць паўсюль, дзе прадаюцца электронныя кнігі, у т.л. Apple Books, Google Play Books.
Буктрэйлер да раману
Рэцэнзіі на кнігу
«Захаваць што-кольвек з тых часоў, якія мы пакінулі навечна…» (Новы час)
На сайце bellit.info
Беларускія студэнты за свабоду і дэмакратыю
Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га (рэд. Алена Карасцялёва і Віктар Шадурскі)
Unbroken Generation. Youth Voices of Belarus 2020 (eds. Elena Korosteleva and Victor Shadurski) >>
Масавыя пратэсты, якія выбухнулі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года, стварылі новыя формы салідарнасці, актывізму і асабістай адказнасці — каштоўнасцяў, якія дыктатуры імкнуцца падаўляць. Многія студэнты былі ў першых шэрагах тых падзей. Яны сутыкнуліся з хуткім і жорсткім падаўленнем пратэстаў паліцэйскім апаратам дзяржавы і маштабным пераследам.
Гэты зборнік складаецца з 25 эсэ студэнтаў, якія сведчаць пра іх невераемны вопыт пратэстаў, затрыманні, катаванні і вымушаную эміграцыі. Ён — надзённы адказ на вострую патрэбу ў даступных наратывах пра натхняльныя і трагічныя дні пратэстаў, траўмы і развагі пра дэмакратычную будучыню Беларусі.
Аўтары і аўтаркі сведчаць пра мірны характар змагання беларускага народа за дэмакратыю. Кніга — магутны напамін пра рэчаіснасць, якую рэпрэсіўны рэжым імкнецца сцерці ці сказіць. Яна дае голас моладзі, якая брала ўдзел у падзеях 2020 года, тлумачыць іх матывы і досвед, і бачанне беларусаў адносна будучыні сваёй краіны.
Гэтыя гісторыі стануць важным і цікавым рэсурсам для даследчыкаў, мастакоў, актывістаў і палітыкаў. Яны будуць натхняць і ўмацоўваць надзею як у Беларусі, так і па-за яе межамі, на дэмакратычную будучыню краіны.
Кніга выдадзена Skaryna Press пры падтрымцы Warwick Ukraine-Belarus (WUB) Hub.
Belarusian Students’ Fight for Freedom and Democracy
The Unbroken Generation. Youth Voices of Belarus 2020 (eds. Elena Korosteleva and Victor Shadurski)
Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га (рэд. Алена Карасцялёва і Віктар Шадурскі) >>The mass protests that erupted after Belarus’ rigged presidential election in August 2020 opened the door to new forms of solidarity, activism, and personal responsibility — values that dictatorships aim to suppress. Students were at the forefront of these events, facing a swift and brutal crackdown by the police state, followed by widespread persecution.
This collection of 25 student essays provides a first-hand account of their electrifying protest experience, detention, torture, and forced migration that followed. It fulfils an urgent need for authentic and accessible cultural narratives to recount the inspiring and harrowing days of the protests, the trauma that followed, and reflections on Belarus’s democratic future.
The book is a testament to the peaceful nature of the Belarusian people’s struggle for democracy. It is a powerful reminder of the realities a repressive regime seeks to erase or distort. By shedding light on the motivations and young voices behind these events, it offers valuable insight into the Belarusian people’s experience and vision for the country.
These stories serve as a vital resource for researchers, artists, activists, and policymakers while continuing to inspire hope worldwide, both within and outside Belarus, about its democratic future.
The book has been published by Skaryna Press with the support of the Warwick Ukraine-Belarus (WUB) Hub.
„Скарына“ ў 2024 годзе
У значнай ступені 2024-ы прайшоў для „Скарыны“ пад знакам Вацлава Ластоўскага. Ягонае 140-годзьдзе мы адсьвяткавалі зборнікам „Мовазнаўчыя працы“ і альбомам здымкаў этнаграфічнае экспэдыцыі 1928 году. „Мовазнаўчыя працы“ сталі нечаканым бэстсэлерам — наклад разьляцеўся менш як за год. В. Ластоўскі — дарагая для нас постаць. Мы працягнем дасьледаавць ягоную спадчыну.
Яшчэ адным бэстсэлерам стала кніга дакумэнтальнай прозы „Калі я выйду на волю“ Ганны Комар. Кніга няпростая, але адгукнулася многім. Ганна парадуе нас новымі кнігамі і ў наступным годзе.
Два з паловай гады таму мы вызначылі сябе як выдавецтва дыяспары і беларускай супольнасьці ў Брытаніі. Таму нам было надзвычай радасна выдаць першую кнігу Марыі Гулінай зь Лівэрпулю. Зычым ёй плённай пісьменьніцкай будучыні.
Пра кожную з адзінаццаці кнігаў прозы, паэзіі і навуковых дасьледаваньняў, што выйшлі ў выдавецтве „Скарыны“ у 2024-м, можна распавядаць гісторыі. Кожная зь іх цяпер жыве цяпер сваім цікавым жыцьцём: прэзэнтацыі, пераклады, дэбаты…
Апроч саміх кнігаў мы багата часу аддалі на тое, каб яны патрапілі да чытачоў, якія збольшага цяпер жывуць ва Ўсходняй Эўропе. Фэстывалі й кірмашы — гэта няпроста і нятанна для нашага маленькага выдавецтва, але так захапляльна — сустракацца з чытачамі, якія любяць кнігу і цэняць працу тых, хто стварае яе. І ўжо колькі разоў да нас падыходзілі чытачы і чытачкі і прапаноўвалі сваю дапамогу: перавезьці кнігі, перакласьці, адрэдагаваць.
Міні-кірмаш падчас беларускай зборкі ў лёнданскім пабе На Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў канадзкім Таронта Дарагія нам валізы, поўныя кнігаў “Скарыны” На кніжным кірмашы падчас фэстывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Вільні Мы актыўна працавалі над тым, каб суродзічы ў Вялікабрытаніі маглі набыць як мага больш беларускіх кніг. Таму кожны раз, калі мы везьлі свае кнігі, назад мы вярталіся з кнігамі іншых выдавецтваў. Цяпер у кнігарні Skaryna Press можна набыць больш за сто розных кніг зь Беларусі і дыяспары.
Нам атрымалася патрапіць на Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў канадзкім Таронта. З уражаньняў: мы даволі розныя — беларусы на розных кантынэнтах, — але маем багата прычынаў быць адной сям’ёй, супольнасьцю і нацыяй. Мы таксама ўдзельнічалі амаль у кожным этапе фэстывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.
Нам вельмі прыемна, што дарагое нам Радыё Свабода адзначыла беларускіх выдаўцоў прэміяй „Людзі свабоды“.
Скарына на PRADMOVA 2024
Другі год запар выдавецтва “Скарына” брала ўдзел у фэстывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які цяпер адбываецца ўвосень у некалькіх гарадох па-за Беларусьсю. Мы ўдзельнічалі і ў праграме фэстывалю, і ў кніжным кірмашы. Ніжэй – відэа імпрэзаў з удзелам “Скарыны” і здымкі.
Варшава
Вацлаў Ластоўскі як лінгвіст і этнограф (Варшава, 17 лістапада 2024)
“Фэмінізацыя беларускай мовы”: размова з сацыялінгвістам, палітолягам і перакладнікам Ул. Гарбацкім (Варшава, 16 лістапада 2024)
Бэрлін
“Гід па фемінізацыі беларускай мовы”: дыскусія ад Fem*Bridging Cultures і выдавецтва Skaryna Press (Бэрлін, 20 кастрычніка 2024)
Анлайн-прэзэнтацыя
Анлайн-прэзэнтацыя альбому фотаздымкаў экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 г. з Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане
Познань
Прэзэнтацыі дзьвюх кнігаў Уладзіслава Гарбацкага пра фэмінітывы ў беларускай мове і факсымільнага выданьня рукапіснага зборніка Ларысы Геніюш 1947 г.
Узнагарода Мікіту Ільінчыку за п’есу Say Hi To Abdo
Віншуем Мікіту Ільінчыка з заваяваньнем прэстыжнай драматургічнай прэміі AURORA (ужо ў другі раз!) з п’есай Say Hi To Abdo (“Сардэчна вітаем, Абду”). Нашыя чытачы ведаюць творчасьць Мікіты па анталёгіі беларускага гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” (2023).
Мікіта Ільінчык Чытка п’есы ў Познані 21 верасьня 2024 г. Кіраўнік журы, ангельскі драматург і актор Марк Рэвэнхіл, адзначыў што “Мікіта Ільінчык выкарыстаў правакатыўную мяшанку дакумэнтальнай і прыдуманай прозы, аўта-фікш і мультымэдыя, каб зірнуць на самыя пільныя праблемы міграцыі, у прыватнасьці – празь Беларусь да ўсходне-эўрапейскай мяжы [Эўразьвязу]. Аўтар стварыў арыгінальнае прачытаньне фэмінізму як фэм-джыхаду, якое адкрывае магчымасьць для сьвежых інтэрпрэтацыяў у многіх краінах. Іранічны сэнс Say Hi To Abdo пакідае нас у развагах, што ж нас чакае – утопія ці дыстопія.”
П’еса Мікіты Ільінчыка Say Hi To Abdo выйдзе ў нашым выдавецтве ў па-беларуску і па-ангельску ў наступным годзе. Польскі і ангельскі тэксты можна ўжо цяпер пабачыць на сайце аўтара, imikita.ee.
„Мальцы выходзяць з-пад кантролю“: аўтары і аўтаркі
Тамаш Зан
Беларуска-польскі паэт (1796–1855), удзельнік вызвольнага руху, палітычны дзяяч, дасьледнік прыроды. Адзін з стваральнікаў таварыства філяматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазьней у таварыства філярэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасьць за адзін з найгалоўнейшых разьдзелаў свае паэтычнае праграмы. Быў жанаты, меў чатырох дзяцей. Дагэтуль замоўчваецца ягоная “сардэчная повязь” у студэнцкія гады (1815-1816) зь іншым філярэтам Леанардам Ходзькам, беларуска-польскім гісторыкам і публіцыстам. У анталёгіі публікуецца адзін зь лістоў Т. Зана да Л. Ходзькі.
Адам Міцкевіч
Беларуска-польскі паэт (1798—1855), палітычны публіцыст і дзяяч нацыянальна-вызвольнага польскага руху, сябра Таварыства філяматаў. Вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі: драмай “Дзяды” і паэтычнай эпапэяй “Пан Тадэвуш” —апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы “Конрад Валенрод” і “Гражына”. За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасьць А. Міцкевіч правёў у высылцы ў цэнтральнай Расеі пяць гадоў, пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1829 годзе і пражыў рэшту свайго жыцьця ў выгнаньні, першапачаткова ў Рыме, потым — у Парыжы, дзе стаў прафэсарам славянскай літаратуры ў “Калеж дэ Франс”. У анталёгіі публікуецца ўрыўвак “Трэба было б асобна стварыць пол для сяброў, як гэта ёсьць для каханьня” зь лісту Яну Чачоту.
Пётра Мятла
Пётар ці Пётра Мятла (1890-1936) — падзабыты і вядомы хутчэй як грамадзкі дзяяч, палітык і пасол польскага сойму. Быў пісьменьнікам, друкаваў апавяданьні й фэльетоны ў левай прэсе Вільні 1920-ых гадоў пад псэўданімамі П. Асака, П. Чабор. Падрыхтаваў зборнік апавяданьняў, які ня быў надрукаваны. Ён захоўваецца ў Летувіскай акадэмічнай бібліятэцы Ўрублеўскіх у Вільні. П. Мятла не атрымаў прызнаньня як пісьменьнік, з друкаванымі кнігамі і ўзнагародамі. Уключэньне ягонага тэксту “Дзіўное вясельле” ў нашу анталёгію — гэта своеасаблівая пісьменьніцкая рэабілітацыя. П. Мятла — цікавы голас, які сто год таму назад разварушыў грамаду сваімі нечаканымі тэкстамі. Арыштоўваўся палякамі, пазьней — саветамі. Загінуў у лягеры на будаўніцтве Беламорска-балтыйскага каналу.
Пра твор:
- «Дзіўнае вяселле». Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі (“Новы час”)
- „Keistos vestuvės“ (Šiaurės Atėnai)
Адам Глёбус
Беларускі пісьменьнік (нар. 1958), мастак, выдавец, удзельнік таварыства “Тутэйшыя” (1986–1990). У друку выступае зь вершамі з 1981 году. Аўтар звыш дваццаці кніг прозы і паэзіі. У анталёгіі публікуюцца два апавяданьні: “Гомік”, якое зьявілася ў зборніку “Дамавікамерон”, і “Рэктар” было апублікавана ў часопісе Forum Lambda (2001).
Вячаслаў Бортнік
Беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзеяч (нар. 1974), праваабаронца, публіцыст. Кіраўнік Беларускай філіі Amnesty International (2002—2006), Сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2016–2019). Выступае ў беларускіх СМІ, у тым ліку з заявамі і камэнтарамі ў падтрымку правоў ЛГБТК+. Аўтар артыкулаў, замалёвак.
Альгерд Бахарэвіч
Пісьменьнік і перакладнік (нар. 1975). Пісаць пачаў яшчэ школьнікам. Першыя тэксты апублікаваў у 1993 годзе. Творчасьць пэрыяду 1990-х гадоў збольшага адлюстраваная ў бумбамлітаўскім зборніку “Тазік беларускі” (1995). З 1993 па 2000 год быў вакалістам і аўтарам тэкстаў панк-гурта “Правакацыя”. Адзін з найбольш перакладаных на замежныя мовы сучасны беларускі літаратар. У анталёгіі публікуецца фрагмэнт з раману “Мае дзевяностыя” (2018).
Зьміцер Александровіч
Аўтар беларускага паходжаньня, цяпер жыве ў Расеі. У анталёгіі публікуюцца (усе — упершыню) пяць апавяданьняў.
Уладзіслаў Гарбацкі
Пісьменьнік, перакладнік і навуковец (нар. 1978). Спэцыялізуецца ў галіне гендарных і ЛГБТК+ дасьледаваньняў, адзін зь першых у Беларусі дасьледнікаў і публіцыстаў на тэмы, зьвязаныя з жыцьцём і гісторыяй ЛГБТК-супольнасьці. Сябра рэдакцыйнай калегіі выдавецтва “Скарына” (Лёндан). Аўтар шэрагу дасьледаваньняў па фэмінізацыі беларускай мовы і ўкладальнік кнігі твораў Палуты Бадуновай. Аўтар двух зборнікаў прозы: “Песьні тралейбусных рагуляў” (2016) і “Mercks Graz!” (2022). Укладальнік анталёгіі беларускага гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” (2023).
Вольга Касьцюк
Літаратарка (нар. 1980). Скончыла філялягічны факультэт БДУ (расейская мова і літаратура), два курсы Маі Кучэрскай у Creative Writing School (Расея), удзельнічала ў воркшопе Кэры Раян (WLAG) і лябараторыі фэм-пісьма “Расьцяжэньне”. Цяпер зьяўляецца студэнткай Беларускага калегіюму. Аўтарка апавяданьняў, якія друкаваліся ў зборніку “Растяжение”, у газэце “Новы час”, у фэм- і квір-часопісе “FEMINIST ORGY MAFIA”, “Tint Journal” (Austria), “PEPPER Magazine” (USA), у анлайн-выданьні “ROAR (Russian Oppositional Arts Review)”, у другім выпуску літаратурнага зіну “Где-то” (Расея), у зіне “ЭББ 2. Что мы наделали?”, у часопісах “Иные берега” (Фінляндыя), “Дактиль” (Казахстан), “Незнание” (Расея). Жыве ў Новай Зэляндыі.
Янко з Мазовіі
Польскі літаратар (нар. 1979), сымпатык беларускай мовы.
Юлі Таўбін
Паэт, перакладнік (1911–1937). Сапраўднае імя — Юдаль Таўбін. Прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920–1930 гг. Сябра аршанскай філіі “Маладняка” і Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Уваходзіў у нефармальнае літаратурнае аб’яднаньне ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Аўтар чатырох прыжыцьцёвых зборнікаў паэзіі. 29 кастрычніка 1937 году выяздная сэсія ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР прыгаварыла Юлія Таўбіна да сьмяротнага пакараньня. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў ліку дваццаці шасьці літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД.
Юры Гумянюк
Паэт, празаік, паляніст (1969–2013). Сябра Таварыства вольных літаратараў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг паэзіі: “Водар цела” (1992), “Твар Тутанхамона” (1994), “Рытуал” (1999), “Вуліца тыгровых архідэяў. Вершы 1987–2003” (2003) і раману “Апосталы нірваны” (“Калосьсе”, № 2–3, 1995).
Шандар
Паэт. Нарадзіўся ў 1972 г. у Дэбрэцэне (Вугоршчына) у зьмяшанай беларуска-вугорскай сям’і. Завочна скончыў гістарычны факультэт Віленскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Друкуецца з 1989 году. У анталёгіі публікуецца нізка вершаў, якія зьявіліся ў часопісе Forum Lambda (1998).
Яна Крэмень
Біялягіца ўдзень, паэтка ўначы. Вучаніца Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў i Беларускiм ПЭН-цэнтры. Удзельніца паэтычных чытаньняў і адкрытых мікрафонаў Менску.
Артур Камароўскі
Паэт і пэрформэр. Нарадзіўся ў 1991 г. Ляўрэат прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (2021) за дэбютную кнігу вершаў “Вада пачынае жыць”. Рэдактар паэтычнага інтэрнэт-часопісу “Taubin”. У анталёгіі публікуецца нізка вершаў “Ён”, якая ўпершыню зьявілася ў зборніку “Corpus Vile” (2023).
- Інтэрв’ю з Артурам Камароўскім (Новы час)
Мікіта Ільінчык
Тэатральны рэжысэр і драматург (нар. 1995). У 2020 годзе скончыў рэжысэрскі факультэт Расейскага інстытуту тэатральнага мастацтва (ГІТІС), тамсама вучыўся на тэатразнаўчым. У 2021 годзе дэбютаваў як рэжысэр і драматург з спэктаклем “Добразычліўкі” паводле раману Дж. Літэла ў маскоўскім Тэатры на Малой Броннай. У 2021 годзе ён стаў ляўрэатам драматычнай прэміі “Аўрора” гораду Быдгашч за тэкст “Dark Room”. У 2022 годзе дэбютаваў у Польшчы ў якасьці рэжысэра і драматурга з спэктаклем “F***ing in Brussels” у Польскім тэатры ў Быдгашчы. Як драматург працаваў з рэжысэрам Войцэхам Фаругам над спэктаклем “María de Buenos Aires” у Вялікім опэрным тэатры Варшавы (2023).