Your cart is currently empty!
Shipping class: Economy
Дастаўка авіяпоштай, дзе гэта магчыма; звычайна без адсочваньня
-

Вершы для храмаў, сіза, ічу / Раман Абрамчук
У зборнік увайшлі вершы, напісаныя ў перыяд з восені 2020 г. па 2024 г., прысвечаныя пратэстам, эміграцыі, вайне, палітзняволеным.
Раман Абрамчук нарадзіўся ў Мінску, скончыў БДУ культуры і мастацтваў, таксама навучаўся ў Школе Маладых Літаратараў Саюза Беларускіх Пісьменнікаў. Раннія творы былі апублікаваны ў канцы 2000-х гг. на сайце газеты «Наша ніва», пазней паэтычныя нізкі і абразкі з’яўляліся на партале «Textura», друкаваліся ў газетах «Літаратура і Мастацтва», «Беларусь Літаратурная». Удзельнічаў у чытаннях партала «Textura», музычна-літаратурнага праекта «Вежа міру», фестываля «Справа». У 2018-м годзе стаў адным з лаўрэатаў літаратурнага конкурсу «Фэст аднаго верша».
У 2022-м годзе нізка вершаў на тэму пратэстаў, эміграцыі і вайны была перакладзена на восем еўрапейскіх моў
у рамках праекта «Free All Words».
Раман вядомы таксама як аўтар-выканавец і лідар мінскага гурта «Гарадскі вал» – у перыяд 2010–2020 гг. было запісана некалькі студыйных альбомаў і сінглаў на ўласныя тэксты і вершы іншых беларускіх паэтаў.
Жыве ў Варшаве. -

Воўчыя ягады / Юля Цімафеева
Гэтая кніга пачынаецца з вымушанага выгнаньня і ў выгнаньні канчаецца. Напэўна, яе можна назваць аўтабіяграфічнай, хаця тут няма ніякіх фактаў. Напэўна, яе можна назваць спавядальнай, хаця тут няма ніякіх прызнаньняў. Яна пра корань, які не спыняе росту. Пра палявую сьцяжыну, што выводзіць у мэгаполіс. Пра каханьне, якое само ёсьць дарогай. Пра мову, якая адначасова робіцца насланьнём і ратаваньнем. Пра ягады даўніх і даўкіх успамінаў, якія нас вабяць, труцяць і лечаць. Кнігу складаюць выбраныя вершы з трох папярэдніх зборнікаў, а таксама напісаныя ў апошнія гады.
-

Выбраная лірыка / Антонія Поццы
Антонія Поццы (1912–1938) – выдатная італьянская паэтка, якая пры жыцці не апублікавала ніводнага верша. Першы яе паэтычны зборнік выйшаў толькі пасля яе трагічнай смерці. У прадмове да другога выдання зборніка адзін з найбуйнейшых італьянcкіх паэтаў ХХ ст., нобелеўскі лаўрэат Эўджэніа Мантале назваў яе «адзінай сапраўднай жанчынай-паэтам, якую бачыла Італія ў дваццатым стагоддзі».
-

Выбраная лірыка / Афанасій Фет
Афанасій Фет (1820-1892) – рускі паэт, перакладчык і мемуарыст, якога ўсе сучаснікі называлі сапраўдным і рэдкім лірычным талентам, а Мікалай Някрасаў лічыў, што такой паэтычнай асалоды, якую дорыць сваімі вершамі Фет, немагчыма знайсці ні ў якога рускага аўтара пасля Пушкіна.
-

Выбраная паэзiя / Хаім Нахман Бялік
Хаім Нахман Бялік (1873-1934), родам з украінскай Жытоміршчыны, яшчэ пры жыцці здабыў славу безумоўнага класіка габрэйскай паэзіі. Пісаў у асноўным на іўрыце, але аддаваў налсжнае і сваёй роднай мове, ідыш. У 1921 г. атрымаў пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі. 3 1924 г. жыў у Тэль-Авіве.
-

Выбраная паэзія / Мацей Казімір Сарбеўскі
Мацей Казімір Сарбеўскі (1595 – 1640) – новалацінскі паэт польскага паходжання. Лічыцца ці не самым знакамітым паэтам лацінскай мовы ў ХVІІ ст., бо яшчэ пры жыцці займеў мянушку “хрысціянскага”, або “сармацкага”, Гарацыя. Істотная частка жыцця Сарбеўскага-паэта, а таксама выкладчыка рыторыкі і паэтыкі, звязана з Вільняй, Полацкам, Нясвіжам.
-

Выбраныя вершы / Валадымір Сасюра
Валадымір Сасюра (1898 – 1965) – выдатны ўкраінскі паэт і перакладчык, аўтар больш як 40 паэтычных зборнікаў. Быў шчырым сябрам Беларусі, якую называў сінявокай сястрой Украіны. Сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі, асабліва былымі маладнякоўцамі Ул. Дубоўкам і А. Александровічам.
-

Выбраныя вершы / Эльза Ласкер-Шулер
Эльза Ласкер-Шулер (1869–1945), нямецкая паэтка габрэйскага паходжання, знаходзілася пад моцным уплывам нямецка-аўстрыйскага экспрэсіянізму, еўрапейскага неарамантызму і псіхалагізму. Яе творчасць у выніку падзей няпростага часу эвалюцыянавала ад непахіснай жыццярадаснасці да змрочнай замкнёнасці ў сабе, ад захаплення гісторыяй Зямлі Абяцанай да расчаравання сучасным ёй ладам жыцця блізкаўсходніх габрэяў.
-

Вызвалі або бяжы / Ганна Комар
Новая паэтычная кніга Ганны Комар быццам глыток болю. Нягледзячы на топавасць гэтага матыву ў мастацкім свеце паэткі, тут ëн успрымаецца ў новым ракурсе. «Вызвалі або бяжы» – заклік, у якім сацыяльнае і асабістае перапляліся ў адно, стварыўшы творчае крэда – «быць мацнейшай за абставіны». Менавіта таму ў свеце, які паўстае на старонках кнігі быццам за кратамі, паэтычнае слова адчуваецца як глыток паветра. Яго нельга забраць ажно ў затхлай турме ці аўтазаку, як немагчыма пазбавіць унутраняй свабоды, нестрыманай і бязмернай, шчырасці ў дачыненні на свету.
Менавіта такое адчуванне выклікаюць вершы, напісаныя ў 2018-2022 гады, большасць з якіх прайшла для паэткі ў межах Беларусі. Затрыманні на вуліцах Мінска, збіццë ў камеры «на чатырох, дзе я была шастаццатая», сведчанне пра вайну ва Ўкраіне, якую перажываюць не абстрактныя ахвяры, а блізкія людзі, сябры, – усë гэта стварае летапіс часу, пераданы праз успрыманне маладой жанчыны, якая ў свеце катаваным і несвабодным не страчвае, мабыць, адзінага пакінутага ëй права – быць сабой.Ганна Комар – паэтка, перакладчыца, пісьменніца. Аўтарка паэтычных зборнікаў «Страх вышыні», «Recycled» і «Мы вернемся». Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Пераклад» за зборнік вершаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час». Уганараваная прэміяй за свабоду слова 2020 Нарвежскага саюза пісьменнікаў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭНа. Ганаровая сябра Англійскага ПЭНа. Творы перакладзеныя на ўкраінскую, польскую, шведскую, нямецкую, нарвежскую, чэшскую, літоўскую, рускую, славенскую мовы. Перакладае свае творы на англійскую. Скончыла магістратуру Уэстмінстарскага Універсітэта (Creative Writing). Аспірантка Універсітэта Брайтана. У творчасці асвятляе тэмы дзіцячых траўм і стасункаў з бацькамі, уплыву патрыярхальнага грамадства на жыццё жанчыны, тэмы хатняга і дзяржаўнага гвалту, загойвання ранаў і адбудоўвання сябе.