Your cart is currently empty!
Shipping class: Economy
Дастаўка авіяпоштай, дзе гэта магчыма; звычайна без адсочваньня
-

Наперадзе толькі лес / Вольга Злотнікава
У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя са жніўня 2020 г. па люты 2023 г.
«…над намі стаіць жыццё, / дзіцёнак-анёл / з перакуленага / чоўна любові» – мабыць, самая дакладная цытата з новай паэтычнай кнігі Вольгі Злотнікавай, своеасаблівыя ўводзіны ў мастацкі свет паэткі. Яго адметнасць у тым, што Вольга арганічна спалучае сістэмы дзвюх моў – рускай і беларускай, кожная з якіх прыносіць у яе паэзію сузор’е вобразаў, гучанне паэтычнага радка, непаўторную інтанацыю.
У новай кнізе яе асновай робяцца збіты рытм, абрыўкі фраз з мноствам паўз, гукавых лакунаў, якія пакідаюць прастору для роздуму. У вершах адчуваецца досвед чалавека, які прайшоў праз жнівень 2020-га, таму і біблейская вобразнасць падаецца ў змрочных фарбах, а надзея праблематызуецца, каб не напісаць «адсутнічае», мастацкі свет пранізваюць лейтматывы маўчання, немагчымасці крыку, няздольнасці прабіць сцяну пустэчы, гвалтоўнага пазбаўлення гуку. І разам з тым гэта не каментары да рэчаіснасці. Дакладней, больш за каментары, бо гаворка ідзе пра чалавечы лëс, ягоную трапяткую частку ― сэрца. Таму і лес ― наперадзе.
Вольга Злотнікава нарадзілася ў 1987 годзе ў Мінску. Вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Вершы апублікаваныя ў «Анталогіі сучаснага беларускага верлібра», «Анталогіі паэтак. Выбранае Вальжынай Морт», папяровых і сеціўных выданнях: «Минская школа», «Homo Legens», «Новый журнал», «Вестник РХД», «Literratura», «Этажи» і інш. Аўтарка кніг вершаў «Паства» (2016) і «Радогощенский дневник» (2018). Жыве ў Мінску.
-

Наступны прыпынак – смерць / Каміла Цень
Дзве новыя аповесці Камілы Цень. Прыгоды кантралёркі грамадскага транспарту Зінаіды Юр’еўны працягваюцца!
Яшчэ больш вандровак па каларытных мясцінах Мінска: гэтым разам галоўныя месцы падзей — парк 50-годдзя Кастрычніка і інтэрнаты ля метро Магілёўская. Яшчэ больш загадак, з якімі можа даць рады толькі непаўторны дуэт Юр’еўны і Гаркавага. Не горш за Холмса і Уотсана!
-

Нескладова і троху лацінкай / Маргарыта Аляшкевіч
Маргарыта Аляшкевіч (нарадзілася ў 1985 г. у Мінску) – літаратурны крытык, паэтка, аўтарка прозы. Скончыла факультэт журналістыкі і аспірантуру БДУ (2010) і Мінскую духоўную вучэльню як рэгентка (2025). Працавала фотамадэллю, выкладала літаратуру журналістам. Аўтарка кнігі прозы «Мадэль для забойства» (2013) і кнігі паэзіі «Слоўныя ловы» (2019). Жыве ў Беларусі.
Другая кніга вершаў Маргарыты Аляшкевіч – гэта апошнія пяць гадоў беларускага жыцця, падгледжаныя паэткай са сваёй званіцы.
-

Нічога нястрашнага / Сяргей Прылуцкі
Сяргей Прылуцкі (нар. 1980 у Берасьці) – аўтар кніг прозы «Йопыты двух маладых нелюдзяў» (2009), «Дэгенэратыўны слоўнік» (2014) і паэтычных зборнікаў «Дзевяностыя forever» (2008), «Герой эпохі стабільнасьці» (2014), «Патрыятызм для чайнікаў» (2016), «Далоў дарослых»(2017), «Эўрыдыка не азіраецца» (2021), «Гіброіды» (падрыхтаваная да друку). Жыве ва Ўкраіне.
-

Панядзелак / Мойшэ Кульбак
2019 — Прэмія Шэрмана Беларускага ПЭН-Цэнтру за найлепшы пераклад у намінацыі «Проза»
Герой рамана апынаецца ў рэвалюцыйным горадзе і ня можа знайсьці сябе ў віры падзеяў, шукаючы ратунку ва ўцёках ад рэчаіснасьці. Паэтычная проза клясыка беларускай літаратуры на ідышы Мойшэ Кульбака. Рэалізм і мэсіянства, містыцызм і экспрэсіянізм у адным фляконе. Кніга, напісаная ў Вільні, выдадзеная ў 1926 годзе ў Варшаве, упершыню выходзіць па-беларуску.
Пераклад зь ідышу Сяргея Шупы. -

Паспець да цемры / Тафіля Багач, Паўліна Кот
Дзве містычныя гісторыі, прадстаўленыя ў гэтай кнізе, напісаныя дзвюма знанымі беларускімі аўтаркамі, якія схаваліся пад псеўданімамі.
«Летам прывіды ў Мінску знікаюць праз недахоп вільгаці ў паветры. Горача і суха — няма вялікай ракі», — піша Паўліна Кот. Але ў волкім паветры кватэры нумар нуль гераіня яе аповеду пастаянна адчувае чужую прысутнасць, ад якой можна падкінуцца ўночы. Хто раней завітваў у гэтую сталінку ля ГУМа?
У аповесці Тафілі Багач дзве пары вачэй уважліва назіраюць за людзьмі ў беларускай правінцыі і назіральнікі робяць свае высновы. Такія ціхія і такія непрыкметныя стварэнні. Хоць на іх спінах расце чорная поўсць — яны застаюцца блізкімі суседзямі вяскоўцаў доўга, без таго, каб іх нехта заўважыў.
Краіна, у якой адбываюцца падзеі абедзвюх гісторый, ужо растае ў смузе часу. Што мы будзем памятаць пра яе?
-

Перамена месцаў / Югася Каляда
Беларусь, 2017 год. У новым цягніку, які рушыць зь Менску ў Гомель, мяняюцца месцамі дзьве пасажыркі, Альбіна і Маня. Наступны дзень прыносіць жахлівую навіну: яны памяняліся ня толькі месцамі, але і целамі. Кожная прачынаецца не ў сваім ложку, і цяпер Мані зь вёскі Алешнікі належыць ісьці ў суд у статусе судзьдзі, а Альбіне — будаваць стасункі з Маніным мужам Толікам, які не начаваў дома. Гэты містычна-рэалістычны раман пачынаецца як камэдыя інтрыгі, але чым далей, тым болей ператвараецца ў сацыяльную драму. І хоць цуды здараюцца да апошняй старонкі, ці дапамогуць яны героям даць рады складанаму жыцьцю?
Водгукі ў “Новых беларускіх кнігах”
Пфляўмбаўм, 2024. 188 с., мяккая вокладка.

