Час знешняй адсутнасці / Аксана Данільчык

£6.99

Skaryna Press, 2024. Мяккая вокладка, 134 с.Таксама электронная кніга ў Apple, Google, KoboПагартаць у Google Books

In stock

Description

Кніга вершаў “Час знешняй адсутнасці” — гэта погляд у глыбіню сябе, існаванне на адлегласці ад прадвызначаных маршрутаў, рэфлексія над тым, што сыходзіць з цягам часу, і тым, што застаецца; імкненне захаваць сябе і ўласны голас незалежна ад абставін і распавесці пра гэта мовай экзістэнцыйнай паэзіі, у якой аўтарскае “я” бачна, чутна, адчувальна.

* * *

Спалучэнне складаных вобразаў і асацыяцый, цытат і адсылак да сусветнай культурнай спадчыны, і — беларускіх краявідаў, вёсак і гасцінцаў, птушак, дрэваў, водараў, паветра, святла… Вытанчаны патрыятызм, ідэальныя (для мяне) прапорцыі. Гэты зборнік — пра вечнае і адначасова пра наша цяперашняе жыццё ў “памежныя часы”. Тут не будзе апісання падзеяў у лоб, але агульны досвед жыцця ва ўмовах турбулентнасці дазваляе счытваць і разумець… (“Кніжныя размовы”)

* * *

Паэтычнае маўленне Аксаны Данільчык адначасова вельмі натуральнае і высокамастацкае. Натуральнасць не нагадвае знарочыстай празаізацыі, а высокамастацкасць не стварае ўражання эстэцтва. У выніку перад намі незвычайная стылістычная раўнавага, якую можна назваць нават унікальнай. Тут няма высілкаў, якія б маглі быць абазначаны штампам «мастацкія пошукі»: тэксты не прымушаюць думаць, быццам аўтарка штосьці «згубіла і шукае». Верагодна, яна ўжо знайшла. І найперш – свой голас, роўны і спакойны, што аднак не робіць яе лірычны аповед нудным, а інтанацыю манатоннай. Унутраная змястоўная дынаміка застаецца выразнай, бо паэтызуецца ў гэтай кнізе само адчуванне быцця ў яго невычэрпнасці,  хісткасці і няўлоўнасці. Ці, кажучы словамі самой паэткі, – адчуванне жыцця «статычным знешне, унутрана рухомым і адасобленым ад марных парыванняў». (Алесь Дуброўскі)

* * *

Ікастычная паэзія Аксаны Данільчык, беларускай паэткі, перакладчыцы і даследчыцы літаратуры, паддаецца шматлікім інтэрпрэтацыям, дзякуючы глыбіні паэтычнага слова аўтаркі, якое раскрывае самую прыхаваную сутнасць яе разнастайнай творчасці. Вершы Аксаны складзеныя нібы мазаікі: увага да дэталяў, што вынікае з асобных словаў, паўзаў і маўчанняў паэтычнага рытму злучае гэтыя элементы ў аднародную і маляўнічую выніковую кампазіцыю.(Сальваторэ Дзі Марцо)

* * *

Кніга атрымалася сапраўды сучаснай, надзвычай сугучнай усім актуальным працэсам — ад сацыяльна-культурных да літаратурна-мастацкіх. Пра адпаведнасць менавіта сённяшнім, а не ўчарашнім і заўтрашнім рэаліям сведчыць нават рамачны тэкст з інфармацыяй пра месца выдання і каманду адмыслоўцаў, што дапамагалі ў падрыхтоўцы і выданні кнігі, як і аскетычны мінімалізм дызайну вокладкі з прыцягненнем увагі да ключавога слова «час» — дамінантнага матыву зборніка… (Анатоль Брусевіч, “Наша вера”).

* * *

Аксане вытанчана і выразна ўдалося пабудаваць аб’ёмную, вабную і разнастайную паэтычную прастору – утульную, светлую, даверную. Вершы нагадваюць пейзажы, вершапісанні, падобныя да маляўнічыя беларускія карціны, поўныя прыгажосці і гармоніі. Напісана трапна, ажыўлена, ярка, гарманічна.(Юрась Шамецька)

Аксана Данільчык —  аўтарка паэтычных зборнікаў “Абрыс Скарпіёна” (1996), “Il Mezzogiorno” (2006), “Сон, які немагчыма забараніць” (2011), “Блюмэнштрасэ” (2018), кніжкі вершаў для дзяцей “Павуцінка на агрэсце” (2005); у 2019 годзе ў Італіі выйшла кніга выбраных вершаў “Il canto del ghiaccio” (Edizioni Controluce). Удзельнічала ў літаратурных міжнародных фестывалях і семінарах у Беларусі, Літве, Украіне. Вершы перакладаліся на англійскую, італьянскую, літоўскую, польскую, рускую і ўкраінскую мовы; уваходзілі ў калектыўныя зборнікі і анталогіі. Перакладае з італьянскай мовы. Лаўрэатка прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” за найлепшую публікацыю ў намінацыі “Паэзія” (2021).