Description
Гэты шчыры і дасціпны аўтабіяграфічны аповед мае магчымасць трапіць да беларускага чытача толькі цяпер. Аўтарка апісвае недзіцячыя турботы трыццацігадовых у аўтарытарнай краіне. Твор у першую чаргу — пра супрацьстаянне розным сістэмам: візавай, падатковай, памежнай, паліцэйскай, гвалту, традыцыяналісцкай і г. д. Прычым не ў падлеткава-панкавым сэнсе, але экзістэнцыйна. Гэта твор пра барацьбу за шчасце ў сучасных Беларусі і Германіі, і трошачкі — у Літве і Украіне.
«Я некалькі разоў разгортвала і закрывала «Я танцую», чытала акуратна, кавалачкамі. Часам плакала, часцей смяялася, але больш за ўсё было страху: колькі ж можна? Ну што яшчэ зваліцца на плечы Вікі, якая проста хоча жыць? Дзіўна глядзець на знаёмую гісторыю, якая здарылася з усімі намі, вачыма іншага чалавека. Гэтая кніга — гімн праву выбіраць уласнае жыццё, бо яно ў нас адно». (Вольга Гарбунова)
«Для мяне гэта моцная і шчырая кніга. Яна адкрыла мне маладых людзей, з якімі я не паспела пазнаёміцца на маршах. Тады яны расказвалі, як па начах клеілі ўлёткі, а днём будавалі барыкады са смеццевых бакаў, як спалі без матрацаў у турме на Акрэсціна і дыхалі хлёркай… Ніхто з нас уявіць сабе не мог, што забіваць іх зноў стане працай. Азірніся вакол — адбою няма ад тых, хто радасна робіць гэтую працу сёння. Адкуль яны? — пытаеш ты. Ты хочаш кахаць і танцаваць, а пад вокнамі — бронетэхніка».(Святлана Алексіевіч)