Description
Гісторыя беларускага тэатра мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў яшчэ чакае свайго летапісца, які паспрабуе стварыць сістэмны агляд таго, што адбылося ў беларускім тэатры за трыццаць гадоў адноснай свабоды: ад распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе і ўзнікнення незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь да 2020 года, калі ў выніку рэпрэсій была цалкам знішчаная незалежная культура Беларусі і істотна было абмежаванае функцыянаванне афіцыйнай культуры. Гэтая кніга, якая складаецца з тэкстаў беларускіх аўтараў, што страцілі права голасу на радзіме, а за мяжой выступаюць пад псеўданімамі, стала першай спробай апісаць апошняе дзесяцігоддзе (2010–2020), адзначанае развіццём новай драматургіі і незалежнага тэатра.
“Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020” былі створаны калектывам аўтараў, аб’яднаных агульнай ідэяй — захаваць найноўшую гісторыю беларускага тэатра. Аўтары імкнуліся раскрыць найлепшыя старонкі ў развіцці тэатральнага мастацтва Беларусі 2010—2020-х гадоў, бо перакананыя, што гэты перыяд можна смела назваць рэнесансам тэатральнай культуры Беларусі.
Сёння, пазіраючы на гэтую ідэю ўжо з 2024 года, баючыся поўнага знішчэння любых праяў творчай свабоды ў Беларусі, аўтары і рэдактары бачаць, наколькі неабходным было напісанне такой кнігі, на старонках якой сведкі беларускага тэатральнага рэнесансу змаглі шчыра і адкрыта расказаць, з чаго ён складаўся. Аднак дзеля таго, каб захаваць бяспеку і пазбегнуць самацэнзуры, кожны з аўтараў мусіў абраць сабе псеўданім.
Манаграфія напісаная тэатразнаўцамі ды тэатральнымі крытыкамі, якія на сённяшні дзень маюць розны статус: хтосьці застаўся ў прафесіі, хтосьці быў вымушаны яе змяніць. Аўтары кнігі маюць рознае месца жыхарства: нехта застаўся ў Беларусі, нехта з’ехаў, каб жыць і працаваць у іншых краінах. Але ўсе яны аб’яднаныя вялізным жаданнем захаваць спадчыну і расказаць пра тое, якім неверагодным можа быць беларускі тэатр, калі яму хаця б не перашкаджаць.