Description
Дзеянне дэбютнага (2004 г.) раману Макса Шчура (прэмія Гедройця 2016) адбываецца недзе ў паралельным сусвеце, які ёсць радыкальна бязглуздай версіяй Беларусі залаталіхіх дзевяностых гадоў. У гэтай нерэальнасці мусяць штодня — ці прынамсі два дні, цягам якіх разгортваюцца падзеі, — выжываць цалкам рэальныя маладыя людзі, чые асабістыя пошукі сэнсу і прыгодаў праходзяць на фоне агульнанацыянальнага маразму. Ці дапаможа ім Імаверская Кніга ўратаваць пандэмонскага інфлянтоляга Ніка Пацукевіча з турмы, а саму Інфляччыну — ад дамаганняў партыярха Педафілія?
Крытыкі вызначаюць жанр раману як сатырычную анты-ўтопію, але ёсць у кнізе месца і дэтэктыву, і парапсіхалогіі, і нават этнафіласофіі няіснага этнасу. У 2004 годзе рукапіс раману быў уганараваны прэміяй Янкі Юхнаўца, а ў 2022 годзе электроннае выданне кнігі трапіла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця.
Тэкст рамана дапоўнены аўтарскімі рэфлексіямі «Адказы без пытаньняў» і «Палімпсэст 2022», параўнальнай табліцай папярэдніх версій рамана і выбранымі чытацкімі водгукамі. Выданне вызначаецца размаітасцю выкарыстаных паліграфічных прыёмаў, у прыватнасці — вялікай колькасцю шрыфтоў для перадачы розных тыпаў дыскурсу.
«Я б назвала гэты твор антыўтопіяй-гратэскам, што, без сумневаў, дзіўна, бо сама жыву ў падобнай рэальнасці.
Ён выключна для нас і мог з’явіцца толькі ў нас — і няважна, дзе тое “ў нас” знаходзіцца геаграфічна.
Яго будзе цяжка перакладаць з беларускай (ды што там… перакладчык заб’ецца плакаць у куточак праз гульню словаў і сэнсаў), а яшчэ цяжэй зразумець небеларусу. Прычым не толькі ўласна тэкст, але і навошта нам такое трэба. Толькі нам без яго ніяк.“Там, дзе нас няма” пра тых, “хто там ідзе”. І не трэба казаць, што вы — не такія, бо вы там ёсць. Кніга — люстэрка, дзе кожны пабачыць спачатку іншых, парагоча, а потым пазнае і сябе. Праўда, наўрад ці ўпадабае свой адбітак.
…Забаўна: зараз была падумала, што я адна са сведкаў Імаверскай Кнігі, (пра) якую піша Макс Шчур, сяджу ў межах натаптанага кола з гордай назвай Інфляччына і назіраю заход на наступны круг».