Пра нас

English

Выдавецтва “Скарына” было створанае групай аднадумцаў у 2022 годзе, каб працягваць і ўзбагачаць гэтую традыцыю, адлюстроўваць патэнцыял беларускага замежжа, і наладжваць сувязі  паміж аўтар-к-амі і чытацтвам у Беларусі і за яе межамі.  У сучасным сьвеце шляхі культуры не абмяжоўваюцца дзяржаўнымі межамі, таму мы выдаем кнігі, каб  яднаць, мацаваць і адукоўваць нашую нацыянальную супольнасць, і папулярызоўваць беларускую культуру ў англамоўным сьвеце.

У беларускага замежжа — доўгая гісторыя і багатая традыцыя. Лёндан займае асаблівае месца ў гэтай гісторыі:

  • тут друкаваў кнігі Ян зь Літвы,
  • Англа-беларускае таварыства стварала англамоўнае беларусазнаўства,
  • грэка-каталіцкія сьвятары выдавалі зьмястоўны і густоўны часопіс “Божым шляхам“,
  • а. Аляксандар Надсан ствараў багатую літургічную спадчыну па-беларуску,
  • Вера Рыч уклала першую англамоўную анталёгію беларускай паэзіі
  • Арнольд Макмілін напісаў першую і адзіную дагэтуль англамоўную гісторыю беларускай літаратуры
  • больш за 50 гадоў Скарынаўская бібліятэка застаецца ўнікальным цэнтрам захаваньня і разьвіцьця беларушчыны на захадзе.

Нашымі прынцыпамі мы бачым:

  • асьветніцтва: казаць непрамоўленае або — наўмысна ці ненаўмысна — забытае, а таксама захоўваць, распаўсюджваць і памнажаць традыцыі і дасягненьні, што ўзьніклі ў беларускім замежжы;
  • супраціў цэнзуры і абмежаваньням свабоды творчасьці, каб быць пляцоўкай для вольнага абмену думкамі;
  • сучаснасьць: ствараць і выдаваць кнігі па-новаму, тут і цяпер, каб яны разьляталіся па ўсім беларускім сусьвеце і жылі доўгім жыцьцём.

Рэдакцыйная калегія

Тацьцяна Астроўская (Марбург)
Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня)
Ігар Іваноў (Лёндан; кіраўнік)
Ганна Комар (Лёндан)
Яніна Лаўнік

Нашае выдавецтва не магло б эфэктыўна існаваць без валянтэрскай і сяброўскай падтрымкі: нехта захоўвае нашыя кнігі ў Беластоку і Варшаве, іншыя — рэдагуюць рукапісы… Калі б хацелі далучыцца да нашае каманды, каб рэалізаваць свае ідэі ці паспрабаваць нешта новае, напішыце нам.