Мы бярэмся за тыя кнігі, у якія ў нас ёсьць вера і сілы. Нам цікавая перадусім навуковая і навукова-папулярная літаратура, кнігі пра мастацтва, проза, паэзія і драматургія. Ёсьць некалькі кірункаў, дзе мы маем экспэртызу: перадусім, усё, што мае дачыненьне да стваральнай дзейнасьці беларускай эміграцыі; квір- і фэмінісцкае пісьмо; франкафоніка; багаслоўе. Але мы заўсёды радыя пашыраць нашыя гарызонты.
Ёсьць багата цудоўных твораў і цэлыя жанры, якія па-за абшарам нашай экспэртызы. Іншыя выдавецтвы ў такіх выпадках зробяць лепшую за нас працу. Мы падкажам вам варыянты, калі гэта неабходна.
Мы выдаем кнігі па-беларуску, але імкнемся пашыраць ужываньне ангельскай мовы ў нашых публікацыях.
Выдавецтва “Скарына” знаходзіцца ў Вялікабрытаніі — далёка ад Беларусі і большасьці краінаў, дзе нашыя суродзічы цяпер жывуць у значнай колькасьці. Гэта стварае лягістычныя складанасьці, таму мы робім і распаўсюджваем кнігі крыху інакш, напр. надаем багата ўвагі электронным кнігам і друкум на запыт. Гэта можа выдатна пасаваць адным аўтар-к-ам, і зусім не — іншым.
Калі вы думаеце, што мы — правільнае для вас выдавецтва, то напішыце нам на электронны адрас: info@skarynapress.com. Дашліце рукапіс ці фрагмэнты, і ўсё, што дапамагло б нам атрымаць добрае ўяўленьне пра задуманую кнігу. Зьвяртайцеся таксама да сябраў рэдкалегіі і падыходзьце да нас пазнаёміцца на імпрэзах — асабістыя кантакты спрыяюць даверу.
Мы не публікуем кніг на замову, але ведаем, хто дапаможа зрабіць гэта добра.