Беларускі тэатр 2015–2025

Кніга Настассі Панкратавай „(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі“

Выйдзе з друку 23 сакавіка • Набыць друкаваны асобнік • Спампаваць электронную кнігу (epub).

Характэрнай рысай беларускага тэатра першай паловы 2020‑х га­доў стала маштабнае выкрэсліванне дзеячаў (а часам і цэлых тэатраў) з гісторыі айчыннага мастацтва. Паўсюднае выкасоўванне закранула тэатразнаўства. Кагосьці проста перасталі публікаваць, некаторым давялося з’ехаць за мяжу. Тыя, хто змог працягнуць сваю дзейнасць унутры Беларусі, пачалі пісаць больш асцярожна, Кіраўніцтва медыяў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, імкнецца пазбягаць прозвішчаў тых, хто трапіў у так званыя чорныя спісы. У шырокай публікі больш няма доступу да артыкулаў, гістарычных тэкстаў, інтэрв’ю і рэцэнзій, апублікаваных на старых сайтах дзяржаўных газет „Літаратура і мастацтва“ і „Культура“, часопіса „Мастацтва“. Тэатральныя тэксты таксама сталі ахвярай барацьбы дзяржавы з незалежнымі медыямі. Разам з інфармацыйнымі рэсурсамі зніклі рэцэнзіі і інтэрв’ю, якія там публікаваліся.

Кніга Настассі Панкратавай вяртае ў тэатразнаўчы дыскурс частку тэк­стаў, да якіх у Беларусі быў перакрыты — з рознай ступенню пос­пе­ху — вольны доступ. У ёй — выбраныя артыкулы, якія выходзілі як у дзяржаўных СМІ, так і на незалежных рэсурсах. Яна дапамагае аднавіць многія падзеі і імёны, якія ўплывалі на развіццё тэатральнага мас­тац­тва Беларусі. Пасля 2020 года сістэматычная праца айчынных тэатральных кры­ты­каў парушаная, што добра бачна на прыкладзе гэтай кнігі, дзе аналітычныя матэрыялы апошніх пяці гадоў часцей уяўляюць сабой абагульненні за дванаццаць месяцаў ці вынікі вялікіх фес­ты­ва­ляў.

Кніга дапамагае зафіксаваць бягучы момант у тэатральнай гісторыі, запаўняе прагалы, якія з’явіліся пасля па­дзей 2020 года, аднаўляе фрагменты як біяграфій асобных тэатральных дзеячаў, так і тэатральных працэсаў, якія віравалі ў прафесійнай супольнасці ўсяго колькі год таму.

Гэтае выданне стане дапамогай для даследчыкаў і тэат­ра­знаўцаў, якія будуць вывучаць абазначаны гістарычны перыяд, бо дазваляе па­ба­чыць, якім быў айчынны тэатр да вымушанага рас­ко­лу і як пасля яго працягвае развівацца па розныя бакі бе­ла­рус­кай мяжы.

Skaryna Press, 2026. Цьвёрдая вокл., 508 с. ISBN 978-1-915601-87-2.


Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.