Фрагмэнт з кнігі „Там, дзе мяне няма“

Мае бацькі, Людвіка й Антон Войцікі былі людзі вельмі адрозныя сваім сацыяльным паходжаньнем, выхаваньнем, адукацыяй. Людвіка Войцік (дзявочае прозьвішча Сівіцкая, яна-ж — пісьменьніца Зоська Верас) паходзіла са старой шляхоцкай сям’і. Сярод ейных продкаў было шмат адукаваных людзей, якія вялі грамадзка-асьветніцкую працу. Бацька, Антон Сівіцкі, быў афіцэрам царскай арміі, любіў літаратуру, ягонымі ўлюбёнымі паэтамі былі Адам Міцкевіч і Ўладыслаў Сыракомля. Ён першы вучыў дачку выказваць словамі тое, што яна перажыла, бачыла. Маці, Эмілія Сівіцкая, добра ведала нямецкую й францускую мовы. Дома гаварылі па-польску, але Антон Сівіцкі не ўважаў сябе за паляка. „Я ліцьвін!“ — з гонарам казаў ён. Людвіка Сівіцкая вучылася ў прыватнай гандлёвай школе ў Кіеве (бацька служыў тады ва Ўкраіне), а пасьля раптоўнай сьмерці бацькі вярнулася з маці ў Гародню (адкуль бацька паходзіў) і вучылася ў прыватнай гімназіі, хаця, як дачка афіцэра й паводле папераў „дваранка“, магла бясплатна вучыцца ў „Институте благородных девиц“. Пасьля заканчэньня гімназіі паехала ў Варшаву на Курсы агародніцтва й садаводзтва, якія закончыла перад I-ай Сьвятовай вайной. Калі фронт падкаціў пад фальварак дзеда Людвіка Садоўскага, дзе Людвіка жыла са сваёй маці, яны з многімі бежанцамі апынуліся ў Менску. Яшчэ ў Гародні Л. Сівіцкая далучылася да беларускага руху, пачала пісаць вершы, пара зь якіх была надрукаваная ў „Нашай Ніве“. У Менску працавала ў Камітэце помачы ахвярам вайны, загадчыцай сталоўкі, дзіцячага прытулку, арганізавала ткальні, дзе маглі працаваць і нешта зарабляць вясковыя жанчыны. У Менску яна пазнаёмілася з У. Галубком, З. Бядулем, Ядвігіным Ш., М. Багдановічам ды іншымі. Тут пачала падпісваць свае творы псэўданімам „Зоська Верас“. Яна была добра вядомая сярод беларускай інтэлігенцыі. У 1923 годзе Людвіка пераехала з маці й малым сынам Антонам (ягоны бацька Фабіян Шантыр, вядомы беларускі юрыст, пісьменьнік, публіцыст, палітык, быў расстраляны бальшавікамі ў 1920 годзе) у Вільню. У Вільні пачала працаваць адміністратаркай розных беларускіх газэтаў, апекавалася палітычнымі вязьнямі. І. Дварчанін зьмясьціў некалькі ейных твораў у сваёй знакамітай „Хрэстаматыі“.
Мая маці была чалавекам энэргічным, добрым арганізатарам, хаця дзеля дрэннага слыху па-за працай мала сустракалася зь людзьмі. Невысокага росту, хударлявая, цёмныя валасы насіла гладка пачэсаныя, адзявалася з густам, але вельмі сьціпла, была ветлівая, спагадлівая.
Антон Войцік паходзіў зь сялянскай сям’і. Толькі ягоны старэйшы брат Стэфусь вучыўся на фэльчара, але памёр маладым ад сухотаў. Іншых сыноў, а было іх яшчэ тры, бацька ў навуку не пусьціў. І тады Антось пайшоў „у людзі“. Працаваў на розных работах у Расеі, ва Ўкраіне. Хлопец быў здольны, бо хутка авалодаў і расейскай, і ўкраінскай мовамі, а пасьля й польскай. Шмат чытаў, цікавіўся астраноміяй, архітэктурай. Меў здольнасьці да пяра, нехта зь беларускіх паслоў запрасіў яго ў Вільню, дзе ён уладкаваўся рэдактарам газэты „Сялянская праўда“. У 1927 годзе быў арыштаваны.
Антон Войцік быў сярэдняга росту, меў правільныя рысы твару, прыгожыя сьветлыя валасы й шэрыя вочы.
Тут, у Вільні, мае будучыя бацькі й пазнаёміліся. Людвіцы было трыццаць чатыры, Антону — дваццаць восем. Што іх зьвязала? З аднаго боку, думаецца, узаемная сымпатыя, ці нават глыбейшае пачуцьцё, аб чым сьведчаць лісты Антона, з другога боку, гэта адданасьць беларускай справе. У 1926 годзе Антон і Людвіка пабраліся шлюбам.
Я нарадзілася 1 ліпеня 1927 году. У сям’і расказвалі, што маці напісала са шпіталя: „Радзілася дзяўчынка, але вельмі брыдкая“. На што бацька адказаў: „Ну й будзе Галінка-брыдулька“. Калі мяне прывезьлі дадому, дык бабуля Міля (Эмілія Сівіцкая) паглядзела й сказала: „Цо ты выгадуіш, она ест сьлічна!“ Сям’я — маці, бацька, бабуля, брат Тонік (Антон Шантыр) і я — жылі ва ўласным доме на вуліцы Вясёлай у Чыгуначнай калёніі (цяпер вуліца Джяўгсмо ў Павільнісе). Дом быў вялікі, драўляны, да яго прылягалі гаспадарчыя будынкі, стайня, хлеў, сьвіран і лазьня. У жылы дом уваходзілі ад вуліцы цераз вэранду. Пасярэдзіне дому быў перадпакой, цёмны пакойчык і кухня, дзе была пліта й „руская“ печка. Зь перадпакою вялі дзьверы ў пакоі, з аднаго боку й другога па два пакоі. З кухні вялі дзьверы ў сенцы, дзе меўся выхад на панадворак і сходы на падстрэшша. Тут бацька зрабіў невялікі пакойчык, у якім была ягоная бібліятэка, стол і тапчан, на якім ён летам спаў. Ніякіх выгодаў не было, дом саграваўся печкамі, ваду бралі ў студні на панадворку. Дзяцей купалі ў вялікай бляшанай ваньне, ваду чэрпалі ў катле на пліце. Дарослыя мыліся ў лазьні. Кругом дому быў агарод і сад. Ад вуліцы й з аднаго боку ад суседзяў расьлі вішні. Дрэвы былі вялікія, каб зьбіраць ягады, ставілі драбіну, Тонік, а пасьля я ўлазілі на дрэва. У садзе былі яблыні розных гатункаў, сьлівы, чарэшні, маліны, ажыны, агрэст, трускаўкі і ў агародзе ўсякая гародніна, а каля дому шмат кветак. Уся дзялянка была агароджаная плотам. На панадворку стаяла буда для сабакі — гэта была нямецкая аўчарка. У доме заўсёды быў кот, а не дык і два.
Мяне доўга не хрысьцілі, выбіралі хросных бацькоў, нарэшце выбралі А. Зенюка й жонку пасла Фабіяна Ярэміча. Як мяне хрысьцілі, дык мне было ўжо два гады, я добра гаварыла (па-беларуску й па-польску). Хрысьцілі мяне ў Бэрнардынскім касьцёле, расказвалі, што я бегала па касьцёле, а як ксёндз наліў мне на галаву вады, голасна сказала: „Хачу да таты!“. Пасьля сабраліся госьці, каб адзначыць мае хрэсьбіны. Дарослыя сядзелі пры стале, а я на канапе. Нехта падняў тост за навароджаную, і я тады сказала „Дзякуй!“ Госьці вельмі сьмяяліся.
Жылося нам тады нядрэнна, бо дома была служанка й нянька, якая займалася мной. Нянька была дзяўчына зь недалёкай вёскі Гуры, звалі яе Франя, ёй рабілі нейкую апэрацыю і ў горле ў яе была мэталёвая трубка, таму гаварыла яна са сьвістам.
Мой брат Тонік паступіў у 1928 годзе ў ВБГ, ён вучыўся ў адной клясе зь Юркам Луцкевічам і Валяй Ярэміч, дачкой пасла. Юрка неяк прыяжджаў да Тоніка ў госьці, і Тонік паказаў мяне (я гуляла пад сталом) і сказаў: „Гэта мая сястра!“. Пасьля вайны Юрка Луцкевіч няраз успамінаў гэтую сцэну, ён быў тады адзіны з маіх знаёмых, хто ведаў мяне малую.
Бацькі мае жылі згодна, ніколі не сварыліся, бацька вельмі паважаў сваю цешчу Эмілію Сівіцкую, і яна любіла яго. Гаварылі дома на дзьвюх мовах: з бацькамі па-беларуску, з бабуляй па-польску. Рана пачалі чытаць па-расейску й па-ўкраінску. У абмен на „Заранку“, часопіс для дзяцей, які выдавала маці, з Заходняй Украіны прысылалі ўкраінскія часопісы й кніжкі для дзяцей. Маці з бабуляй часам гаварылі па-француску, калі не хацелі, каб мы з братам разумелі. І нават дзіва колькі засталося ў маёй памяці з тых дзіцячых гадоў францускіх словаў!
Вельмі важную ролю ў сям’і грала бабуля Міля, і ня толькі таму, што ў цяжкія часы ейная пэнсія як удавы штабс-капітана царскай арміі (як ня дзіўна, але ў Польшчы плацілі такія пэнсіі!), была адзінай крыніцай утрыманьня. Бабуля фактычна была галавой сям’і. Яна выхоўвала дзяцей, Тоніка й мяне, рабіла з Тонікам лекцыі, асабліва зь нямецкай мовы. Пасьля, калі ўжо не было служанкі, гатавала ежу, прыбірала ў доме, толькі бялізну прыходзіла мыць жанчына з Гураў. Да бабулі Мілі можна было зьвярнуцца са сваімі бедамі, яна і пацешыць, і прытуліць, абмывала разьбітае калена, выцягвала стрэмку, зашывала падраную сукенку. Трэба яшчэ сказаць, што нашая бабуля добра шыла, канчала кравецкія курсы й на сваёй старой ручной машынцы „Зінгер“ шыла адзежу для ўсёй сям’і, апрача, ясна, мужчынскіх касьцюмаў. Яна мела добры густ і магла пашыць з просьценькага матар’ялу прыгожую блюзку ці сукенку. Неяк мы былі з маці пад Галямі, і гандлярка-жыдоўка, расхвальваючы свой тавар, сказала: „А вось гэты матар’ял рыхтык для паненкі“. А была гэта тканіна ў дробную блакітна-белую кратачку. Зь яе бабуля пашыла мне вельмі прыгожую сукенку, што зашпільвалася на дробныя блакітныя гузічкі. Бабуля Міля ніколі ня гневалася, на ўсё рэагавала спакойна: на разьбіты кубак, ці падзёртую сукенку. Яна толькі ўмела так неяк паглядзець, што мы пачуваліся вінаватымі, — і гэта было горш за ўсякае пакараньне.