Рукапісны і рукатворны зборнік Ларысы Геніюш: створаны ў Празе, захаваны ў Лёндане

Днямі выходзіць з друку зборнік, рукапіс якога Ларыса Геніюш стварыла ў Празе амаль восемдзесят гадоў таму, незадоўга да арышту на загад савецкіх уладаў у 1948 г.

Першыя чатыры дзесяцігодзьдзі свайго існаваньня зборнік заставаўся невядомы, схаваны. Толькі ў 1992 годзе ў Лёндане выйшла першае машынапіснае, памножанае на ксэраксе выданьне зборніка, падрыхтаванае брытанскім беларусістам-літаратуразнаўцам Арнольдам Макмілінам з дапамогай айца Аляксандра Надсана, кіраўніка Скарынаўскае бібліятэкі. А. Макмілін тады напісаў, што “знайсьці невядомы дагэтуль рукапіс — падзея заўсёды шчасьлівая й важная, асабліва, калі тычыцца буйнога пісьменьніка, чый да­ро­бак часткова нявыяўлены з нагоды акалічнасьцей жыцьцёвых ці гіс­та­рычных”.

Зборнік запоўніў доўгі прагал паміж першай, адзінай нецэнзураванай кнігай паэткі (“Ад родных ніў”, Прага, 1943) і выданьнямі, што выйшлі ў БССР пасьля вызваленьня Л. Геніюш з Гулагу. З часам значнасьць другога праскага зборніка паэткі станавілася больш відавочнай. На думку гісторыцы Тацьцяны Астроўскай, спэцыялісткі ў беларускім дысыдэнцкім руху, “рукапісны і рукатворны — гэты зборнічак можа і павінен разглядацца як пачатак беларускамоўнага паваеннага сам- і тамвыдаву”.

Сёньня зьявілася магчымасьць і патрэба зірнуць на зборнік па-новаму. Рэдактарка Яніна Лаўнік тлумачыць няпростую для выдавецтва задачу: “У адрозьненьне ад рукапісу, прызначанага для друку, зборнік „Spi­ritus flat ubi vult“, напісаны, аформлены і пераплецены самой паэткай, — самастойнае выданьне, якое мела паўстаць перад чытачом у ру­ка­піс­ным выглядзе. Хто ж меў быць яго чытачамі? Блізкія людзі, сябры, паплечнікі? Сустрэча з гэтым зборнікам сёньня — досьвед інтымны, яго фізычная адзінкавасьць і рукатворнасьць робяць прысутнасьць у ім паэткі больш адчувальнай.” 

Як жа тады зрабіць даступным гэты цікавы і каштоўны артэфакт, якому месца, вядома, у музэйнай калекцыі? Мы выбралі шлях факсымільнага ўзнаўленьня, каб шырокае кола чытацтва і дасьледнікаў змаглі самастойна далучыцца да супольнага і непасрэднага прачытаньня і асэнсаваньня зборніка. У працэсе падрыхтоўкі публікацыі рукапісны зборнік, у якім з часам атрамант пачаў блякнуць, быў адсканаваны і для нашае кнігі, і для дыгітальнага архіваваньня.

У працэсе працы з апублікаванымі ў 1992 г. вершамі стала відавочным, што першая публікацыя вымагае новай рэдакцыі: ня толькі паправіць шматлікія абмылкі, але і цалкам па-новаму асэнсаваць мову Ларысы Геніюш, багатай на гарадзенскія рэгіянальныя і аўтарскія формы, якія лёгка страціць пры інвазійным рэдагаваньні, што, відаць, і здарылася і з публікацыяй 1992 г., і зь іншымі зборнікамі паэткі. 

Правапіс рукапісу таксама адметны: ён уяўляе сабой варыянт тарашкевіцы, які нельга зьвесьці ні да адной зь вядомых кадыфікацый. У выніку шматлікіх і доўгіх кансультацый, дыскусій і спробаў сыстэматызаваць артаграфію Л. Геніюш, творы зборніка ўпершыню публікуюцца з максымальным захаваньнем мовы арыгіналу.

Вершам і факсымільнаму ўзнаўленьню зборніка папярэднічаюць тры ўступныя артыкулы, якія раскрываюць кантэкст, гісторыю, значэньне і мову зборніка. Дызайнэрам зборніка выступіў мастак Сяргей Шабохін.

Выдавецтва і Скарынаўская бібліятэка аддаюць гэтае выданьне ў рукі чытацтва з доляй хваляваньня: наўрадці гэты зборнік пабачыць сьвет зноў у такой самай форме. Гэта, зрэшты, і ёсьць нашым жаданьнем: каб вынікам супольнага прачытаньня і асэнсаваньня праскага рукапісу, што захоўваецца ў Лёндане, сталі публікацыі творчасьці Ларысы Геніюш з глыбокай адчувальнасьцю да адметнае мовы аўтаркі, ейнага стылю, вобразаў і ролі ў нашым літаратурным і гістарычным працэсе.