Нашыя шуфляды на 2027 год ужо поўныя. На жаль, хутчэй за ўсё мы ня зможам дадаць туды яшчэ адну кнігу. Калі гэта не праблема для вас, калі ласка, чытайце далей.
Мы бярэмся за тыя кнігі, у якія ў нас ёсьць вера і сілы. Нам цікавая перадусім навуковая і навукова-папулярная літаратура, кнігі пра мастацтва, проза, паэзія і драматургія. Ёсьць некалькі кірункаў, дзе мы маем экспэртызу: перадусім, усё, што мае дачыненьне да стваральнай дзейнасьці беларускай эміграцыі; квір- і фэмінісцкае пісьмо; франкафоніка; багаслоўе, гісторыя, мовазнаўства. Але мы заўсёды радыя пашыраць нашыя гарызонты.
Ёсьць багата цудоўных твораў і цэлыя жанры, якія па-за абшарам нашай экспэртызы. Напрыклад, дзіцячая літаратура. Іншыя выдавецтвы ў такіх выпадках зробяць лепшую за нас працу. Мы падкажам вам варыянты, калі гэта неабходна.
Мы выдаем кнігі па-беларуску і падтрымліваем жывой традыцыю клясычнага правапісу, бо верым, што абмеркаваньне правапіснага дуалізму ў беларускай мове павінна адбыцца ў свабоднай Беларусі з улікам напрацовак эміграцыі. Мы карыстаемся дзяржаўным правапіса, дзе ёсьць практычная неабходнасьць.
Skaryna Press знаходзіцца ў Вялікабрытаніі — далёка ад Беларусі і большасьці краінаў, дзе нашыя суродзічы цяпер жывуць у значнай колькасьці. Гэта стварае лягістычныя складанасьці, таму мы робім і распаўсюджваем кнігі крыху інакш, напр. часта карыстаемся друкам на запыт. Гэта можа выдатна пасаваць адным аўтар-к-ам, і зусім не — іншым.
Калі вы думаеце, што мы — правільнае для вас выдавецтва, то напішыце нам. Дашліце рукапіс ці фрагмэнты, і ўсё, што дапамагло б нам атрымаць добрае ўяўленьне пра задуманую кнігу. Зьвяртайцеся таксама да сябраў рэдкалегіі і падыходзьце да нас пазнаёміцца на імпрэзах.
Фінансаваньне кніг — частае пытаньне, якое нам даводзіцца абмяркоўваць з аўтар-к-амі. Ва ўмовах эміграцыі выдаваць і распаўсюджваць кнігі складана і дорага. У многіх выпадках патрабуюцца зьнешнія датацыі або інвэстыцыі ў той ці іншай ступені. Для гэтага мы пасьпяхова праводзілі краўдфандынг самастойна і ў партнэрстве з плятформай Gronka, атрымлівалі гранты, знаходзілі ахвотных цалкам або часткова падтрымаць кнігі.
Выхад кнігі — гэта толькі пачатак ейнага жыцьця. Вельмі часта ейны посьпех залежыць ад аўтаркі, ейнай уключанасьці ў працэсы, здольнасьці працаваць з аўдыторыяй у сацыяльных сетках, гатоўнасьцю падарожнічаць, размаўляць зь людзьмі і атрымліваць ад гэтага задавальненьне. Мы вельмі любім працаваць з аўтарамі, якія любяць працаваць з сваімі кнігамі.