Category: recenzii

  • Калектыўная гістэрыя, даўгія катакомбы й вольныя пагалоскі

    Цімур Кудзеліч пра кнігу Ганны Комар „Калі я выйду на волю“

    Там, дзе розныя малююць твар скрушальнай падзеі, разглядаюць яго, а (ад)розныя падчас скрухі імкнуцца паказаць адное толькі свой, насуперак традыцыі зьявілася кніга, што дыхае ў сто галасоў, шапоча, шэпча і крычыць. “Калі я выйду на волю” не імкнецца акрэсьліць, амаляваць. Яна нават не імкнецца дакумэнтаваць. Але такая кніга ёсьць малюнкам, дакумэнтам і, найважней, гісторыяй.

    Калі гэта скончыцца?

    Магчыма, марна цяпер такое пытаць. Рэвалюцыя 2020 году скончылася. Гэта дае магчымасьць яе ўсьвядоміць і пачаць жыць плёнамі такога ўсьведамленьня. Мы ня вернемся дамоў з чужых краінаў і не павыходзім з турмаў вынікам даўно прамінулых пратэстаў. Але іх вынікам мы працягваем памятаць, гаварыць і рэфлексаваць, каб шляхом шчырай рэфлексіі прыйсьці да новых спосабаў супраціву.

    Кожны з нас мае ўспамін з Рэвалюцыі 2020 году. Такія ўспаміны складаюцца ў аповеды, пераказваюцца безьліч разоў, раз за разам на іх нарастаюць адценьні, эмоцыі й падрабязы.

    Падаецца:

    дручок
    пушкінская
    гранаты
    крывя
    стрэлы
    лукашэнка
    рыга
                                                   – гэта жах.

    Ва ўсеагульным самапаўторы губляецца цікаўнасьць. Здаецца, нават прамоўцы ўжо абрыдла распавядаць, дзе ён быў 9 жніўня ці 8 верасьня.

    Але ж нельга спыняцца!

    Нельга сказаць:

    “Мне нецікава проста так слухаць пра тое, як цябе катавалі”.

    І мы ўсё гэта чуем і нават – мы гэта слухаем. І мы ўсе ўсё разумеем. Уласна таму гэтыя катаваньні іншага збольшага не выклікаюць сапраўднага пачуцьцёвага нішчэньня.

    Але варта знайсьці патрэбную, сумленную форму, і гісторыя складзецца слушна. Такім чынам, зьявіцца асобны пераканаўчы сусьвет, які магчыма спазнаць, якому магчыма суперажываць.

    Такім чынам, “Калі я выйду на волю” у сто вушэй нішчыць і ўражвае.

    2.

    Паэтка Ганна Комар сабрала кампазыцыю з галасоў, якія прамаўляюць уразнабой, у розныя лады. Праз цэльную кампазыцыю складаецца гісторыя. З даволі трывіяльных для парэвалюцыйнага чалавека допісаў паўстае наратыў. То-бок, гэта ня кніга ўспамінаў, яна ня мае намерам выключна ўзгадаць ці падзяліцца. Гэтая кніга цікавая па-за кантэкстам, кантэкст – сродак эмацыйнай выразнасьці, празь яго ў сучаснага чытача выходзіць зручней спачуваць.

    Першая траціна кнігі (а па адчуваньнях – цэлая палова) прысьвечаная аблозе гурточку людзей, прыціснутых да сьцяны на праспэкце Машэрава.

    Гэты дзень – 8 верасьня 2020 г. Словы прамоўцаў-герояў кнігі прыводзяць іх ці іхных сваякоў да гэтайсьцяны. Далей разгортваюцца сцэны, годныя клясычных эпасаў. Дзе-нідзе сярод галасоў нібыта ўяўляецца голас сьляпца-казачніка (балазе, і мы такога маем), а скрозь блёкі тэксту працягваюць рукі героі знакамітых аблогаў.

    Але ж людзі, закалочаныя ў тым месцы, сабраліся ў гурток зусім не наўмысна. А сьцяна з чырвонай цэглы дакладна ня ўтрымлівае асаблівае стратэгічнае мэты.

    Аблога чырвонацаглянай сьцяны хутка зваліцца ў абсурд. Абаронцы там – выпадкова, нападнікі там – бессэнсоўна. Ніхто зь іх дакладна ня ведае, што рабіць. Атрад жанчынаў перагрупаваўся ў абарону мужчын за іхнымі сьпінамі. Крыкі, сьпевы, ёкат, а насупраць – бязладныя дзеяньні сілавікоў. Усё расьцягваецца на гадзіны чаканьня.

    Абарона будзе трываць, захоўваць істу і лёгіку. Усіх абаронцаў там яднае салідарнасьць, усіх нападнікаў там яднае загад.

    Крохкім чынам шэрагі сталі ламаць. Абарона пахіснулася: за крохкім чынам пачаўся паўнавартасны наступ. Крыкі з усіх кутоў нарэшце злучыліся. Агрэсія, лаянка, лямант і гвалт.

    Здаецца, абарона зламалася.

    Далей – аўтазак, РАУС, суд, Акрэсьціна, Жодзіна – доўгая дарога дадому. Клясычныя сюжэты можна адшукаць паўсюль, але ж ім мы заўжды гатовыя верыць.

    3.

    Уначы там – начное хісткае сьвятло. Удзень – усё адно складана апісаць.

    Людзі, якія праходзілі праз зьняволеньне, распавядаюць першасна пра людзей – арыенцір кожнага за кратамі. З боку калідорнага зыходзіць уладнае слова, якое неабходна чуць, з боку сукамэрнікаў – падтрымка, аповеды, жарты й усё тое іншае, што дапамагае не забыцца на звычайнае жыцьцё.

    Але дзе гэта ўсё адбываецца?

    Існуе шмат апісаньняў камэраў, у нас нават ёсьць замалёўкі адтуль. Але зьняволеньне – гэта надзвычайны стан. Наўпроставы расповед пра яго не перадасьць усёй карціны перажытага тым, хто самі праз РАУСы, ЦІПы, ІЧУы й іншыя астрогі не праходзілі. Тамтэйшыя памяшканьні расплываюцца пры пераносе іх у звычайны сьвет шляхам простага апісаньня.

    Досьвед знаходжаньня за кратамі дасяжны толькі тым, хто знаходзіўся за кратамі. Нават пры ўсіх пажыцьцёвых цяжкасьцях складана ўявіць абасраны ўнітаз без агароджы ў пакойчыку, поўным людзей, ці выкарыстаньне кратаў сьцёкавай трубы ў якасьці абасранага ўнітаза падчас бясконцых шпацыраў, зь якіх вязьняў забылі забраць.

    Для перадачы неймаверна вартай асэнсаваньня практыкі содняў, хіміі й калёніяў патрэбны асаблівы падыход. Расповед мусіць не рассыпацца, не разваліцца і не разьліцца. На маю думку, дзёньнікавая проза Ганны Комар уперамешку з аповедамі іншых людзей здольная вырашыць задачу вызваленьня гэтай практыкі з тагасьвету.

    4.

    Варта асобна адзначыць важнасьць дызайну ў рэалізацыі гэтага праекту. Шыхтаваньне “Калі я выйду на волю”, бадай, найсьмялейшае ва ўсім сучбелліце. І такая сьмеласьць апраўдала сябе: дызайнерская задума працуе належна. Пасечаныя тэкставыя блёкі, розныя кеглі й колеры літараў на адмыслова падабранай пажоўклай тонкай паперы.

    У гэтай кнізе знакі прыпынку прысутнічаюць пераважна толькі ў аўтарскім – чырвоным – тэксьце. У запісах са словаў іншых пунктуацыя адпавядае толькі функцыі выразу яскравых эмоцыяў, а замест косак і кропак выкарыстоўваюцца павялічаныя прабелы. Выбар такой формы для перадачы (не)вымоўных паўзаў, напэўна, чаканы. Ва ўзаемадзеяньні чырвонага і чорнага тэкстаў найцікавей іншае: іхная часавая прыналежнасьць.

    Дзёньнік аўтаркі пісаўся падчас зьняволеньня. Выказваньні іншых узгаданыя і запісаныя апасьля. Такім чынам, аўтарка і прамоўцы ўвогуле гавораць пра розны досьвед. У першым выпадку – гэта (генэралізавана) страх будучыні, у другім – гэта (генэралізавана) страх мінулага. Але паміж імі атрымліваецца добрае суладзьдзе. Яны супакойваюць адно аднога, часам рэхам паўтараюць адно аднога, чым паглыбляюць уражаньне. Часам супярэчаць адно адному, чым паглыбляюць гісторыю.

    Чырвоны тэкст Ганны Комар выглядае занадта адрэдагаваным для таго, каб быць асобнай эмацыйнай “Калі я выйду на волю”, але разрозьненыя аповеды і ўспаміны іншых не ўтрымаліся б у межах адной складнай гісторыі безь яго. Такім чынам яны й вядуць адно аднога скрозь кнігу.

    5.

    Кніга была завершаная амаль праз тры з паловай гады пасьля апісаных у ёй падзеяў. У наш хуткацечны час усё павярхоўнае хутка становіцца неактуальным. Наўрад цяпер хтосьці б сапраўды пасьмяяўся з жарту пра сына мамінай падругі, наўрад б хтосьці сапраўды яго паўтараў. Але добра, што гэтыя мемы дайшлі да нас менавіта ў такім архаічным выглядзе. Цяпер да іх можна паставіцца сур’ёзьней – яны таксама рыса таго году.

    Жарты герояў аўтэнтычныя і пазнавальныя. Так жартавалі гадамі. Жарты, што паходзяць ад мянтоў – гэта абсурд. Усе іхныя заляцаньні, кпіны, чарнуха, імправізаваныя гульні ўтвараюць адчуваньне нерэальнасьці рэчаіснай канфрантацыі. Але ж мы ведаем, што яна была і ёсьць. І гэта жахае.

    6.

    Важна тое, што “Калі я выйду на волю” напісала жанчына. У кнізе няма выключнай прывязкі да праблемаў аднога гендару, але стрыжнем тут зьяўляецца апісаньне жаночага досьведу. Жанчыны ў сусьвеце мужланскіх турмаў могуць быць асабліва ўразьлівай групай. Але ў кнізе мы бачым, што дурному мачызму аказваецца шчыры супраціў.

    Шчырасьць супраціву, шчырасьць Ганны Комар і шчырасьць кнігі агулам – гэта тое, што дае кнізе рэалізаваць задуманае.

    “Калі я выйду на волю” – правільна складзены пазл. Кавалкі зь яго нельга вымаць і разглядаць паасобна, але іх можна перазьбіраць у іншыя карцінкі. Галоўнае, каб кожны вярнуўся дамоў.