Бэйруцкія апавяданьні / Агатангел Крымскі (ebook)
£4.00
Дасьціпны псыхалягічны і сатырычны шэдэўр украінскай клясычнай літаратуры.
Description
„Бэйруцкія апавяданьні“, упершыню выдадзеныя ў 1906 годзе, — жыцьцярадасны псыхалягічны і сатырычны шэдэўр і своеасаблівы гімн гораду, у якім стагодзьдзямі суіснавалі розныя культуры, мовы і ідэнтычнасьці. Кніга напоўненая гумарам і лёгкай крытыкай тагачасных жыхароў Бэйруту і калянізатараў Блізкага Ўсходу: французаў, туркаў, ангельцаў і расейцаў.
Агатангел Крымскі (1871–1942) — клясык украінскай літаратуры, заснавальнік украінскага ўсходазнаўства. Ягоны бацька быў крымскі татарын беларускага паходжаньня, а маці — „літоўскай полькай з-пад Менску“.
Уладзіслаў Гарбацкі — беларускі соцыялінгвіст, пісьменьнік і перакладнік „Бэйруцкіх апавяданьняў“ — дасьледуе тое, як мова ўспрымае сацыяльныя і палітычныя працэсы і рэагуе на іх. Жывучы ў Вільні зь ейнай традыцыйнай шматкультуральнасьцю, перакладнік тонка адчувае рэаліі і калярыт шматмоўнага і шматрэлігійнага Бэйруту пачатку XX стагодзьдзя. У. Гарбацкі аднолькава вольна валодае ўкраінскай і францускай мовамі і натуральна перадае арабскія тэрміны, якімі перасыпаны аповед А. Крымскага, — рэдкая зьява для беларускай літаратурнай прасторы. Пераклад У. Гарбацкага — сапраўднае перастварэньне, у якім складаны арыгінальны тэкст гучыць натуральна і набывае новыя, актуальныя для беларускай аўдыторыі сэнсы. Посткаляніяльная праблематыка Крымскага як лінгвіста і этноляга, ягонае адмаўленьне моўнай іерархіі выразна адлюстроўваюцца ў моўных выбарах перакладніка, які адыходзіць ад паняцьця „чыстае“, нарматыўнае мовы на карысьць мовы жывой, багатай на дыялектызмы і нечаканыя граматычныя формы.
Некалькі гадоў таму лібанскі ўкраініст Імадэдзін Раеф пераклаў „Бэйруцкія апавяданьні“ на арабскую мову, і пераклад выклікаў вялікую цікавасьць лібанскага чытацтва як да твора, так і да ўласнай спадчыны, дэталёва апісанай украінцам. Лібанскае чытацтва адкрыла для сябе невядомага арыенталіста, якога часам памылкова падавалі як „расейскага вандроўніка, што апісаў Блізкі Ўсход“. Лібанскі перакладнік адзначыў, што малады ўкраінец так падрабязна і дакладна перадаў тагачасныя арабскія дыялекты, што цяпер іх можна часткова аднавіць і „пачуць“ толькі на аснове мастацкага тэксту А. Крымскага.
Skaryna Press, 2026. 134 . Электронная кніга ў epub і mobi фарматах для ўсіх самых папулярных прыладаў і прыкладаньняў. Спасылка спампаваць кнігу будзе ў электронным лісьце.






