“Панове, паднапружцеся!” Элізабэт Бадэнтэр

Пабачыў сьвет пераклад найноўшага фэмінісцкага эсэ францускай філёзафкі і гісторыцы Элізабэт Бадэнтэр “Панове, паднапружцеся!”

Набыць. Таксама ў продажы на Амазоне, B&N, Thalia і інш.

Эсэ прысьвечана страйку ўлоньняў, які хвалюе сьвет з антычных часоў. Раней ён быў утопіяй ці ўяўнай страшылкай. Але ў ХХ стагодзьдзі кабеты ў заходнім сьвеце нечакана распачалі гэты страйк насамрэч. І нам усім цяпер давядзецца жыць зь ягонымі наступствамі.

У ім гучаць тэмы, якія філёзафка ўздымала ў сваіх іншых творах як сучаснай кабеце спалучыць мацярынства і прафэсійны росквіт, праблематычнасьць і складанасьць мацярынства, канфлікт паміж ролямі маці і жанчыны, безупынная рызыка вяртаньня кансэрватыўнага бумэрангу, які ставіць пад сумнеў фэмінісцкія заваёвы і інш.

Але ёсьць у эсэ і прынцыпова новая тэма і новыя акцэнты — тонкае і крытычнае фэмінісцкае тлумачэньне дэмаграфічнага запавольваньня, а дзе-нідзе — крызісу, у разьвітых індустрыяльных краінах. Дэмографы, сацыёлягі, палітыкі і эканамісты, якія спрабуюць разабрацца з гэтай зьявай, часта не прыслухоўваюцца да фэмінісцкіх аргумэнтаў. І дарма, на думку Э. Бадэнтэр, бо такім парадкам ігнаруецца ціхі і глыбокі бунт кабетаў, які праяўляецца ў адмове ад мацярынства — часовай або прынцыповай і канчатковай. Адмова ад мацярынства і позьняе мацярынства грунтуюцца на фундамэнтальнай, “няскончанай” рэвалюцыі, якая, як сьцьвярджае Бадэнтэр, аддзяліла статус жанчыны ад статусу маці. Кантроль за фэртыльнасьцю з дапамогай кантрацэпцыі і спаронаў, а таксама доступ да адукацыі і эканамічная незалежнасьць ня толькі дазволілі жанчынам здабыць радыкальную эмансыпацыю, а амаль дасягнуць роўнасьці ў грамадзкім жыцьці. На шляху да рэальнай роўнасьці, аднак, застаюцца прынцыповыя перашкоды. Дасюль трывае няроўнасьць палоў унутры сям’і. Яна ляжыць у аснове ўсіх іншых няроўнасьцяў і праяўляецца ў такой праблеме, як мэнтальны цяжар, якая закранае ці ня ўсіх сучасных кабетаў. Назва эсэ падказвае адно з рашэньняў мужчыны мусяць паднапружыцца і зрабіць высілак, каб на роўных з сваімі жонкамі і партнэркамі ўдзельнічаць у хатняй гаспадарцы і выхаваньні дзяцей, а дзяржаве трэба адмовіцца ад састарэлых рэцэптаў вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблемаў шляхам пазбаўленьня жанчынаў іхных правоў і свабодаў.

Гэтае эсэ актуальнае і для Беларусі, дзе, як і ва ўсёй Эўропе, крытычна зьніжаецца на­раджальнасьць. Пасьля 2020 году беларускія ўлады чатыры гады не публікавалі зьвестак аб на­ра­джаль­насьці і сьмяротнасьці. Толькі нядаў­на Белстат падзяліўся інфармацыяй за 2024 год, якая не выглядае аптымістычнай.

Гэта першая кніга слыннай мысьляркі па-беларуску.

Пераклад Уладзіслава Гарбацкага.

Кніга выйшла пры падтрымцы Цэнтру гендарных дасьледаваньняў ЭГУ.

Па-француску эсэ выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтва Flammarion/Plon.

Зьмест

Уступ
Разьдзел 1. Стан рэчаў
Разьдзел 2. Што кажа дэмаграфія
Разьдзел 3. Рэвалюцыя-пастка
Разьдзел 4. Канфлікт дзьвюх легітымнасьцяў
Заканчэньне. Запаволеньне наступстваў зьніжэньня нараджальнасьці і павага правоў жанчынаў
Дадаткі
Пасьляслоўе перакладніка. Апошняя асьветніца

Чытаць больш пра пра Элізабэт Бадэнтэр