У нас — цудоўная навіна: рыхтуецца да выдання пераклад рамана “Партрэт Дорыяна Грэя” Оскара Уайльда. Па-беларуску гэты класічны тэкст яшчэ ніколі не выходзіў. Пераклад зроблены паводле безцэнзурнай версіі, якая па-ангельску была апублікавана толькі ў 2011 годзе. Пераклаў з англійскай Вільз О’Фляэрці.
Каб ажыццявіць выданне, нам патрэбная дапамога — 1,500 еўра на выдаткі, звязаныя з падрыхтоўкай кнігі. Мы ўжо сабралі 1,300 еўра. Дзякуй беларускім паблікам, якія так ахвотна падзяліліся навіной!
Кніга выйдзе ў пачатку лета.
Усе ахвярадаўцы атрымаюць электронную версію кнігі, а пры падтрымцы звыш £20 (прыблізна 24 еўра ці 27 амэрыканскіх даляраў) — і друкаваную. Імёны дабрадзеяў — з іх згоды — мы надрукуем у кнізе.
Чым бы вы ахвяравалі дзеля вечнай маладосці і прыгажосці?
Для Дорыяна Грэя, асляпляльна вабнага маладзёна ў віктарыянскім Лондане, адказ быў просты — усім. Калі бліскуча разумны лорд Генры Уотан напаўняе ўразлівы розум Дорыяна спакуслівай філасофіяй, той выказвае лёсавызначальнае жаданне, сакрэт якога захавае партрэт.
Упершыню апублікаваны ў 1890 годзе, твор выклікаў скандал: на кожнай старонцы, паміж кожным радком прыстойнае грамадства пазнавала сябе. Адзіны раман Оскара Уайльда застаецца адной з самых яркіх залацінак англамоўнай літаратуры. Гэты твор знішчальнай дасціпнасці на скрыжаванні гатычнай прозы, сацыяльнай сатыры і філасофскай прытчы захапляе сваёй маральнай складанасцю. З хірургічнай дакладнасцю і заразнай весялосцю О. Уайльд выкрывае крывадушнасць і запытвае чытача: дзеля чаго ты жывеш?
Пад зіхатлівай паверхняй тэксту цячэ далікатная квір-плыня: захапленне мастака Бэзіла Холварда Дорыянам, набрыняная недасказанасцю блізкасць паміж персанажамі і таямнічае жыццё галоўнага героя агучваюць невымоўныя ў пурытанскім грамадстве жаданні. Раман быў выкарыстаны ў судзе як доказ злачыннай разбэшчанасці аўтара. Для яго ж твор стаў зашыфраваным аўтапартрэтам мастака, які разумее кошт прыгожага і небяспеку таемнага.
Спакуслівы, вусцішны і бясконца цытаваны, „Партрэт Дорыяна Грэя“ — гэта і літаратурная класіка, і люстэрка для кожнай эпохі.