Skaryna Press

Кніга пра футбол

Сябры, у нас выдатная навіна: хутка выйдзе незвычайная кніга! 

Пра беларускі спорт выдаецца ня так шмат, а па-беларуску — тым болей. А тут аўтар — вядомы аматарам спорту журналіст і блёгер Арцём Сізінцаў — сабраў надзвычай цікавы матэрыял. Кніга пра ножны шпурляк (футбол) на Аршаншчыне — прыклад таго, як трэба пісаць пра спорт: заўзята, кампэтэнтна, сьмела і дасьціпна. Такіх кніг у нас яшчэ было!

І цяпер можна далучыцца да гэтай годнай справы: паўдзельнічаць у зборы сродкаў, каб дапамагчы кнізе зьявіцца на сьвет.

Ужо тэкст — 400 старонак! — падрыхтаваны, каляровыя і чорна-белыя фотаздымкі — амаль 100! — сабраныя, малюнкі ўніформаў камандаў зробленыя… застаецца толькі крыху: дызайн і друк.

Шмат цікавых гістарычных фактаў і знаходак, добрая мова, рупліва сабраная статыстыка, праца з многімі крыніцамі, усё напісана зь беларусацэнтрычнай пазыцыі. Думаю, гэта будзе адна з найлепшых прац па гісторыі беларускага футболу.

Вітаўт Руднік, журналіст і трэнэр


У гэтай незвычайнай кнізе вас чакае расповед пра „Старт“ з Воршы і „Тэмп“ з Барані, якія доўга і пасьпяхова выступалі ў першынстве Беларусі ды іншых турнірах. Тут багата зьвестак, статыстыкі і гісторыяў і пра іншыя каманды, што баранілі на футбольных палёх гонар Аршаншчыны: „Лякаматыў“, „Станкабудаўнік“, „Дынама“, „Спартак“, „Лёнакамбінат“, „АвіяДар“, „Колас“ з Вусьця…

Мы прасочым гісторыю аршанскага ножнага шпурляку ад самых першых камандаў — „Сокалу“ і „Спорту“ — да сёньня. Прачытаем, як аршанцы ледзь не перамаглі ў першым неафіцыйным першынстве Беларусі. Даведаемся, якая аршанская каманда была ўдзельнікам першага паядынку на новым стадыёне „Дынама“ ў Менску. Высьветлім, у якіх сэзонах за „Старт“ гуляў сваяк клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча. Даведаемся, якую мужчынскую дружыну на Аршаншчыне ўзначальвала жанчына. Зьдзівімся таму, дзе зьявіўся першы ў Беларусі самаакупны клюб. Адзначым паядынак, у якім трэнэры дамовіліся з арбітрам і запоўнілі пратакол сустрэчы, якой насамрэч не было. Прачытаем пра цікавыя супадзеньні і рэкорды на гульнях аршанскіх шпурлякістаў. Пабачым рэдкія фотаздымкі, шэраг якіх становіцца даступнымі для шырокага кола аматараў гульні ўпершыню.

У кнізе зьмешчаны слоўнічак спартовай лексыкі.


Арцём Сізінцаў нарадзіўся ў 1990 годзе ў Воршы. Скончыў Інстытут журналістыкі БДУ ў Менску і магістратуру беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў у ґазэтах «Всё о футболе“, «Прессбол“, на радыё «Сталіца“, «Рацыя“, беларускай службе «Радыё Свабода“ і ў шэрагу іншых выданьняў. Выступае спартовым экспэртам у СМІ.

Кнігу «„На „Старт“ і ў „Тэмпе““ пачаў пісаць з 2011 году: карпатліва зьбіраў зьвесткі з самых розных крыніцаў, працаваў у архівах, бібліятэках, размаўляў з колішнімі і цяперашнімі гульцамі, заўзятарамі, журналістамі, статыстыкамі. Мае таксама неблагі збор кніг на спартовую тэматыку, якія прыдаліся ў працы над уласнай кнігай. Натхняецца зычлівымі людзьмі, прыродай, вандроўкамі, музыкай у жанрах гэві-мэтал і oi!

З усіх відаў спорту найбольш любіць і найчасьцей наведвае ножны шпурляк, рэґбі, бэндзі. Наведаў мноства стадыёнаў, паядынкаў, музэяў, што дапамагло лепей разабрацца ў гісторыі спорту. Вандроўкі спалучае з чытаньнем кніг і часопісаў пра гісторыю і спарт.

Аўтар марыць, каб у Воршы людзі настолькі ж вар’яцелі ад «Старту“, любілі клюб і хадзілі на стадыён, як гэта робяць у Бэргама або Адэсе. Каб паўсюль прысутнічалі блакітны і чорны колеры клюбу, а кожны аршанец атаясамляў сябе з камандай. Ён марыць стварыць у Воршы музэй аршанскага ножнага шпурляку і адкрыць паб, які стане для заўзятараў «Старту“ трэцім адрасам  пасьля ўласнага дому і стадыёну.

А вось і паштоўка пра адданых футбольных заўзятараў пабачыла сьвет.

Неяк у Воршу завіталі вэтэраны савецкай ножнашпурлячнай зборнай, у тым ліку Аляксей Хоміч, Эдуард Стральцоў і многія іншыя зоркі. На аршанскім цэнтральным стадыёне даволі хутка скончыліся вольныя месцы. Некалькі чалавек ускараскаліся на дрэвы, што расьлі побач са стадыёнам, — і глядзелі сустрэчу адтуль. Адзін з тых аршанцаў праз шмат гадоў будзе працаваць на адным прадпрыемстве зь Леанідам Барэйшам – нападнікам каманды Воршы ў тым паядынку. Ён раскажа яму пра тое, што назіраў за ягонымі атакамі з высокага дрэва — так прагнуў убачыць гульню. Таму эпізоду прысьвечаная паштоўка, выдадзеная невялікім накладам. Яна стане адной з узнагародаў тым, хто падтрымае выданьне кнігі „На ,Старт‘ і ў ,Тэмпе‘“. У кнізе апісаная гэтая гісторыя і дзясяткі іншых.


Крыху цікавостак з кнігі

Сёньня заявіць каманду на спаборніцтвы можна непасрэдна з ложку, проста запоўніць і даслаць заяўку на адрас арганізатараў. Карткі са здымкамі гульцоў робяцца ўжо потым. Менш за сто гадоў таму дзеля афармленьня заяўкі трэба было ісьці на тэлеграф і складаць тэлеграму з поўным пералікам гульцоў. Вось тэлеграма Аршанскай акругі, дасланая ў 1926 годзе як заяўка на ўдзел у неафіцыйным першынстве БССР. Яна аформленая па-беларуску — савецкія ўлады яшчэ праводзілі беларусізацыю, так што спартовы камітэт Аршанскае акругі настойліва прасіў сэкцыі і арганізацыі ўзмацніць навучаньне беларускай мове тых супрацоўнікаў, якія ведалі яе кепска. Тэлеграма напісаная клясычным правапісам, з адметнасьцямі. Захоўваецца ў Віцебскім абласным архіве.


Уладзімір Хільмановіч, журналіст, футбольны статыстык пра кнігу

Кніга Арцёма Сізінцава, прысьвечаная гісторыі рэгіянальнага футболу, ня мае, відаць, аналагаў у айчынным выдавецтве. Прынамсі мне не даводзілася бачыць падобнага выданьня ў Беларусі і тым больш на беларускай мове.

Сама назва «Ножны шпурляк на Аршаншчыне», хоць і не бясспрэчная, прэтэндуе на арыгінальнасьць і эксклюзыўнасьць. Зьмест зьдзіўляе грунтоўнасьцю падыходу і аб’ёмам матэрыялу. На 352 старонках, дзе адлюстраваны летапіс футбольнай Аршаншчыны, сабраны калясальны статыстычны матэрыял, унікальныя фотаздымкі, створаны падрабязны летапіс станаўленьня і разьвіцьця футболу ў Аршанскім краі. Ужо на пачатку выкладзены вэрсіі зьяўленьня «ножнага шпурляку» ў рэгіёне, паданыя паралелі часу, калі на беларускіх землях зьявілася сама папулярная гульня сьвету. Падрабязна апісаныя першыя футбольныя каманды, якія паўсталі на Аршаншчыне. Далей у храналягічным парадку паданыя розныя пэрыяды, па гадах апавядаецца пра кожны сэзон, ідзе пералік усіх дакументальна зафіксаваных гульняў з статыстычнымі зьвесткамі (супернікі, склады, вынікі, аўтары галоў, табліцы і г. д.). Максымальна магчыма адлюстраваная гісторыя ўсіх клюбаў, якія ў розны час існавалі ў рэгіёне. Распавядаецца пра турніры самых розных роўняў. Заангажаванаму маладому чытачу будзе асабліва цікава даведацца пра некаторыя, досыць экзатычныя, турніры савецкага часу, як, прыкладам, «Кубак мільёнаў СССР». Наданая ўвага і мясцовым стадыёнам, і форме, у якой выступалі ў розны час гульцы.

Кожная кніга пра футбол – гэта яшчэ і пашырэньне геаграфічных ведаў, і свайго роду асьветніцтва, інсьпірацыя знайсьці цікавае ў нібыта звычайным. Яна натхніць чытачоў зь іншых рэгіёнаў Беларусі на ўласныя падобныя пошукі і летапіснае ўвасабленьне ў друкаваным выданьні. Кніга Арцёма Сізінцава – гэта ня проста грунтоўнае дасьледаваньне аршанскага футболу, а яшчэ і кшталтаваньне мясцовага патрыятызму, жаданьне адкрыць малаведамыя старонкі лякальнай гісторыі.

Мова выданьня выкліча ў чытача рознае ўспрыманьне. Можна не пагаджацца з асобнай тэрміналёгіяй, напэўна будуць слушныя крытычныя заўвагі ад мовазнаўцаў, але галоўнае, што кніга напісана па-беларуску, а значыць — з сапраўднай любоўю да свайго. Свая мова — свой футбол — свой патрыятызм.

У перакладзе на «навуковую» мову працу аўтара можна залічыць адразу не як «кандыдацкую дысертацыю», а як «доктарскую». Яна фактычна напісана па правілах гістарычнага даследаваньня з адпаведна прыточанымі дадаткамі і паясьненьнямі. «Ножны шпурляк на Аршаншчыне» — своеасаблівая энцыкляпэдыя папулярнай гульні ў рэгіёне, важная частка, ня проста цагліна, а важкі блёк у вывучэньні ўсёй гісторыі Аршанскага краю.



Аўтар распавядае пра аб працы над кнігай (лічы пасяліўся ў бібліятэках і архівах, шмат размаўляў з гульцамі і трэнэрамі), пра пачаткі аршанскага футболу, цікавосткі з гісторыі гульні на Аршанчыне і паходжаньне фразы “ножны шпурляк”.

З інтэрв’ю спартоваму парталу “Трыбуна”

– На ваш погляд, каму патрэбная гэтая кніга?

– Усім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага спорту. Не абавязкова паходзіць з Аршаншчыны, варта проста цікавіцца тэмай. Я ўвогуле спадзяюся, што кніга натхніць іншых на сістэматызацыю гісторыі свайго рэгіёну, клубу. Я сам маю кнігі, у прыватнасці, пра гісторыю ножнага шпурляку ў Светлагорску, Гомелі, Слоніме, Крычаве, кнігі пра гісторыю некалькіх мінскіх клубаў, іншыя. Дзесьці параўноўваеш табліцы, дзесьці натрапляеш на важны факт, дзесьці звесткі дапамагаюць табе аднавіць частку біяграфіі чалавека.

– Ваша любімая гісторыя пра аршанскі футбол?

– Ой, іх вельмі шмат. Успомню асабістую – свой першы прыход на стадыён, калі я разумеў, што адбываецца навокал. Гэта быў 1999 год, і па стадыёне абвясцiлі, што наступны паядынак аршанцы правядуць з камандай «Бяроза». І мужык побач сказаў: «Ведаю такое места, там адны таполі растуць». Мы рагаталі неймаверна!


У кнігі Арцёма Сізінцава “На ‘Старт’ і ў ‘Тэмпе’” будзе адметны падзагаловак: “Ножны шпурляк на Аршаншчыне”. Адкуль узяўся “ножны шпурляк”? Што гэта такое?

У 1956 годзе рыма-каталіцкі сьвятар Пётра Татарыновіч (ён у Рыме выдаваў часопіс “Źnič” і быў першым кіраўніком беларускай сэкцыі Радыё Ватыкану) апублікаваў свой пераклад з польскай раману Генрыка Сянкевіча “Quo vadis”.

Там на 24-й старонцы мы чытаем: 

Tak hutaračy, prajšli praz uvieś dom i vyjšli ŭ vaharod, dzie Lihija j mały Aŭł hulali z špurlakami, jakija adumysnyja niavolniki, tak zvanyja «sferystyja», padymali im z ziamli j padavali ŭ ruki.

Так выглядае, што “шпурляк” у сэнсе прадмету для шпурляньня на пісьме сустракаецца ўпершыню менавіта ў гэтым тэксьце. Адкуль узяў яго кс. Татарыновіч, не вядома. Мо з памяці, зь дзяцінства? Мо пачуў ад беларускіх жаўнэраў, што апынуліся ў Італіі напрыканцы Другой сусьветнай вайны? А мо прыдумаў? Калі прыдумаў, то вынаходніцтва атрымалася цалкам удалым — назоўнік адсылае нас да дзеяслова “шпурляць”.

Потым Ян Станкевіч, адметны мовазнаўца паваеннай дыяспары, падаў выраз “ножны шпурляк” у значэньні “футбол” у сваім беларуска-расейскім слоўніку (с. 1129). Ці гэты выраз ужываўся ў беларускай паваеннай дыяспары XX стаг., не вядома — увесь комплекс дыяспарнай літаратуры не аблічбаваны і месцамі слаба вывучаны дагэтуль.

Між тым, дасьціпнаму чытачу адразу прыйдзе на розум, што можа быць і ручны шпурляк, для якога мы параўнальна нядаўна пазычылі праз расейскую мову слова “гандбол”.

Інтэрв’ю аўтара кнігі Арцёма Сізінцава слухаць на сайце Радыё Рацыя >>