Зборнік Анны Мендлік на Стральцоўскім фэсьце ў Варшаве

На Стральцоўскім фэсьце ў Варшаве 13–15 лютага выдавецтва Skaryna Press прадставіць зборнік вершаў сучаснай нямецкай паэткі Анны Юліян Мендлік.

Для зборніка выбраныя вершы з ейных трох кніг: „Між траскатлівых кропак“, „Дваістыя выявы“ і „Плэйбокс Пандоры“, — пераклаў Ігар Крэбс.

Паэзія А. Мендлік даследуе сэксуальнасць і цялеснасць, геаграфічныя прас­торы і прасторы мовы. Асабістыя згадкі і сямейныя гісторыі мяжуюць з вядомымі сюжэтамі, пераасэнсаванымі з квір-фе­мі­ністычнай перспектывы. Яны ствараюць поўны парадоксаў і нечаканых асацыяцый стракаты паэтычны свет.

Анна Юліян Мендлік (Anna Julian Mendlik, раней Анна Хетцэр) нарадзілася ў 1986 г., вырасла ў нямецка-польскай сям’і. Жыве і працуе ў Берліне. Яе творы неаднаразова адзначаліся літаратурнымі прэміямі і перакладаліся на многія мовы.

Ігар Крэбс перакладае з нямецкай, ідыш, ангельскай і іншых моваў. Пераклаў на беларускую казкі Вільгельма Гаўфа, „Неверагодныя падарожжы барона Мюнхгаўзэна“ Бюргера і Рас­ пэ, працы Тэадора Герцля, успаміны Бэлы Шагал, паэзію Ген­ рыха Гайнэ, Георга Гайма, Машы Калека, дзіцячыя кнігі Марк-Увэ Клінга і Боды Шэфера і інш.

Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова —Стральцоўскі фэст — пройдзе 13–15 лютага ў памяшканні варшаўскага Музея Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11). Сярод запланаваных івэнтаў — цырымонія абвяшчэння лаўрэата Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова, дыскусіі, прэзентацыі беларускай паэзіі 2025 году, сустрэчы з літаратарамі Падляшша, замежнымі калегамі-паэтамі з Германіі, Нарвегіі, Польшчы і Украіны, вечарына выпускнікоў Школы маладога пісьменніка і традыцыйная «Ноч паэзіі».