Your cart is currently empty!
Tag: Проза
„страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей“
Пастаноўка пытаньня, пытаньне і неабавязковы адказ. Страх іншага чалавека, ягонага ўяўленьня. Умоўнасьць! Страх адбіцца, пабачыць і адчуць. Палітычнае выказваньне, фарс у блытаных прасторах. Крохкія спробы й дэклямацыі, упэўненыя і бессэнсоўныя. Людзі бы ў люстрах — люструюцца. Маўленьне, пошук вымовы, хібная хада і праблемы з нагамі. Маленькі раман з карцінкамі й гэтак далей. Кот Грыпміна, імаверна лысы, шматгодзьдзе шархацеў у хмызах каля чыгуначнай станцыі Беларусь (некаторыя яго нават чулі!). А раптам выйшаў і паважна пайшоў да грамадзкай прыбіральні. Далей толькі бяда, а па ёй скруха, і гэтак зноў і гэтак далей. Пастаноўка пытаньня: а ці магчыма даць дакладны адказ? Ізноў, гэта чарговая камэдыя пра людзёў маладых і ня толькі.
Віктар Жыбуль:
„Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана „Значныя дні“, — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі. На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбываюцца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая „нармальнаму“ апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабочныя пэрсанажы. Наўмысна „няправільная“ мова аповеду. Ненарматыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы. Нават. Таксама. Падказкі, папраўкі й кпіны „закадравага“ камэнтатара. Малюнкі і фотаздымкі як ілюстрацыі ці… як замена самога тэксту?.. Рэалізм, сюррэалізм, пуантылізм і яшчэ цэлы жмут -ізмаў у адным фляконе. Перакідныя масткі ў авангард, рэнэсанс і лубок. Раман Цімура Кудзеліча — пра страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей. Сапраўдныя дні. Шчасьлівыя дні. Значныя дні. Іржавыя дні. Далей, ва ўнутар, — Уваход.“
Цімур Кудзеліч — пісьменьнік і кніжнік зь Менску. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасьці. Аўтар кнігаў прозы „ЯК“ і „Пацукі“, і паэтычнага зіну „бяз гэтага — усё“.