Янка Запруднік пра фэмінітывы

Янка Запруднік

Сёньня споўнілася 100 гадоў з дня народзінаў Янкі Запрудніка — аднаго з самых выбітных прадстаўнікоў беларускай паваеннай эміграцыі на Захадзе, гісторыка, палітоляга і журналіста.

У свой час ён адказаў на анкету Ўладзіслава Гарбацкага для ягонага дасьледаваньня фэмінітываў у беларускай мове. Адказ апублікаваны ў манаграфіі У. Гарбацкага “Фэмінізацыя беларускай мовы”. З нагоды юбілею варта падзяліцца дасьціпнымі назіраньнямі Я. Запрудніка:

Гендарная роўнасьць – зьява заканамерная там, дзе яна спрыяе ўдакладненьню выказванай думкі. Адно з важных заданьняў у гэткім удакладненьні – захаваць мілагучнасьць слова, лёгкасьць вымаўленьня яго. Мноства „фэмінізаваных” назоўнікаў (тэрмін „фэмінізаваны” ў дачыненьні да шмат зь іх чыста рэтраспэктыўны) створаны натуральна як неабходны элемэнт яснасьці маўленьня (прыкладам, даярка, кухарка, манашка й г.д.).

Фэмінізацыя „постфактум”, якою займаюцца сучасныя моватворцы, удакладняе сэнс слова (дэнтыстка, адвакатка, рэпартэрка), і працэс гэты варта працягваць. Але такая гендэрызацыя назоўнікаў не заўсёды магчымая, як прыкладам у „друкар – друкарка”, „сьлёсар – сьлёсарка”, „капач – капачка”. Фэмінізацыя тут мяняе сэнс слова. Рэч у тым, што мова ў сваёй прыродзе – прадукт стыхійнай творчасьці, і ня ўсё ў ёй падуладна лёгіцы й задняй думцы.

Тарашкевіца фэмінізуе больш, чымся наркамаўка таму, што яна не падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі так, як гэта ў выпадку з наркамаўкай. У выніку гэтай непадпарадкаванасьці ў ёй пануе самаволя й хаос.

Будучыня ў фэмінізацыі такая ж, як і будучыня ў стандартызацыі літаратурнай мовы як цэласьці. Гэта значыць, што пакуль у беларускай дзяржаве ня будзе інтэлектуальнай свабоды й дзяржаўнага дбаньня аб разьвіцьці нацыянальнай мовы, датуль у нас будзе пашыраны тэрміналягічны й правапісны разнабой, зь якім трэба змагацца.