Your cart is currently empty!
Tag: Вацлаў Ластоўскі
-
Зборнік артыкулаў да 140-годзьдзя Вацлава Ластоўскага
„Новым імкненьням даць новыя формы“. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў: Матэрыялы міжнароднай канфэрэнцыі (10-11 лістапада 2023 г., Скарынаўская бібліятэка, Лёндан).
ПРАДМОВА
Вашай увазе прапануюцца матэрыялы міжнароднай канфэрэнцыі „«Новым імкненьням даць новыя формы». Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 1920–30-х гадоў“, якая адбылася 10–11 лістапада 2023 г. у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане ў рэальным і віртуальным фармаце. Канфэрэнцыя была прымеркаваная да 140-годзьдзя Вацлава Ластоўскага (1883–1938) — пісьменьніка, гісторыка, мовазнаўцы, этнографа, грамадзкага і палітычнага дзеяча — а таксама да юбілеяў выбітных мовазнаўцаў Язэпа Лёсіка (1883–1940) і Сьцяпана Некрашэвіча (1883–1937) і пісьменьніка, літаратуразнаўцы і стваральніка сучаснай беларускай мовы Максіма Гарэцкага (1893–1938). Усе яны разам з Ластоўскім былі сярод тых, хто стаяў ля вытокаў сучаснага беларускага мовазнаўства і гістарыяграфіі, ствараў слоўнікі, граматыкі, літаратуразнаўчыя агляды, хто закладаў Інбелкульт і Беларускую акадэмію навук. Яны ж былі аднымі зь першых ахвяр сталінскага тэрору супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. Канфэрэнцыя мела зьвярнуць увагу на вялікую ролю беларускага мовазнаўства ў інтэлектуальным і сацыяльна-культурным дыскурсе беларускага грамадзтва сто гадоў таму і ў чарговы раз асэнсаваць спадчыну рэпрэсаваных інтэлектуалаў.
Постаць Вацлава Ластоўскага — палімата-самавука, сапраўднага пачынальніка, які закладаў новыя формы і падыходы ў многіх галінах беларусазнаўства, выразна вылучаецца на тле культурнага будаўніцтва 1920-х гадоў. Менавіта яму была прысьвечаная большая частка выступаў. На жаль, у пэўнай ступені іншыя ўзгаданыя мовазнаўцы і пісьменьнікі засталіся па-за ўвагай. Тым ня менш, у зборніку ёсьць дасьледаваньні, прысьвечаныя Яўхіму Карскаму, Максіму Гарэцкаму і Аляксандру Шлюбскаму, а дзейнасьць В. Ластоўскага разглядаецца ў зьвязцы з шматлікімі іншымі стваральнікамі беларускай сацыяльнай і гуманітарнай навукі ў 20-ыя гады мінулага стагодзьдзя. Адыход ад меркаванага мовазнаўчага характару зборніка адлюстраваны ў больш шырокай фармулёўцы ягонае назвы, якая прадстаўляе творчасьць Ластоўскага як частку агульнага культурнага дыскурсу 1920-х гадоў.
Варта зазначыць, што Скарынаўская бібліятэка, якая арганізавала канфэрэнцыю 2023 году, не ўпершыню ладзіць навуковую імпрэзу, прысьвечаную В. Ластоўскаму. Так, у 1983 годзе, калі ў БССР імя Ластоўскага было пад забаронай, Скарынаўка адзначыла стагодзьдзе аўтара „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі“, зладзіўшы сэмінар, прысьвечаны памяці Вацлава Ластоўскага ў Лёндане. З дакладамі на сэмінары выступалі Антон Адамовіч, Аляксандр Баршчэўскі, Джым Дынглі, Альбэрт Барташэвіч і Антон Шукелойць. Некаторыя з гэтых дакладаў былі апублікаваныя ў Journal of Belarusian Studies за 1984 год. На радзіме ж навукоўцы і шырокае грамадзтва змаглі адкрыць для сябе імя Вацлава Ластоўскага толькі пасьля 1988 году, калі ён быў канчаткова рэабілітаваны і пазьней, у 1990 годзе, адноўлены ў годнасьці акадэміка АНБ. З таго часу пачалі ладзіцца канфэрэнцыі, сэмінары, прысьвечаныя ягонай дзейнасьці, і (пера)выдавацца ягоныя працы. У Беларусі, Польшчы, Летуве даклады на тэмы, зьвязаныя зь дзейнасьцю Ластоўскага, гучалі на агульных канфэрэнцыях, а таксама ладзіліся рэдкія спэцыялізаваныя навуковыя імпрэзы. Так, у 2003 годзе Таварыства беларускай культуры ў Вільні адзначыла 120-годзьдзе з дня народзінаў В. Ластоўскага і Я. Лёсіка. У 2008 годзе ў Маладэчне адбылася навукова-краязнаўчая канфэрэнцыя „«Шляхамі Вацлава Ластоўскага»: да 125-годзьдзя з дня народзінаў гісторыка, пісьменьніка, акадэміка АН Беларусі“ (4 верасьня 2008), у выніку якой зьявіўся зборнік матэрыялаў. Аднак афіцыйны Менск не далучаўся да шанаваньня аднаго зь першых прынцыповых незалежнікаў Беларусі. Пасьля 2020-га году В. Ластоўскі зноў трапіў у няласку: гісторыя з забаронай кніг навукоўца ў 1937 годзе паўтарылася ў Беларусі ў 2024-м, калі творы пісьменьніка былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Як і ў 1983 годзе, у 2023-м чарговы юбілей Ластоўскага адзначыла выключна дыяспара, на радзіме сьвяткаваньне было амаль немагчымым. Такім парадкам, канфэрэнцыя 2023 году „«Новым імкненьням даць новыя формы». Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 1920-30-х гадоў“ сталася адзінай на гэтым этапе магчымасьцю сабраць тых, хто дасьледуе спадчыну нашага выбітнага пачынальніка, і забясьпечыць акадэмічную прызму міждысцыплінарных дасьледаваньняў вакол тэкстаў і даробку Ластоўскага.
Адлюстроўваючы множнасьць сфэр дзейнасьці Вацлава Ластоўскага, зборнік прадстаўляе міждысцыплінарны падыход да ягонае творчасьці. Ці не ўпершыню перад намі паўстае Ластоўскі як сацыялінгвіст, мастацтвазнаўца і філёзаф, дасьледуецца рэцэпцыя ягонае творчасьці. Поруч з цэнтральнай постацьцю Ластоўскага разглядаюцца іншыя значныя асобы, якія закладалі асновы беларускага мовазнаўства (Я. Карскі), літаратуразнаўства (М. Гарэцкі) і этнаграфіі (А. Шлюбскі).
Зборнік адкрываецца гісторыка-філязофскім дасьледаваньнем Антона Пракапчука, які ставіць публіцыстычны даробак В. Ластоўскага ў шырэйшы кантэкст эўрапейскага мысьленьня. Артыкул прасочвае інтэлектуальныя плыні, якія адбіліся на мэтадалягічным падыходзе Ластоўскага да нацыянальнае гістарыяграфіі. У выніку, аўтар выяўляе адметную філязофскую лёгіку Ластоўскага у фармуляваньні панятку нацыянальнага стылю як культурнай формы, празь якую нацыя стварае свае каштоўнасьці.
Тэму мэтадалёгіі гістарыяграфіі працягвае Сяргей Марозаў. Дасьледнік аналізуе ўнёсак Вацлава Ластоўскага і Міколы Ермаловіча ў дэкалянізацыю дыскурсу беларускай гістарыяграфіі. Асобная ўвага надаецца ролі, якую адыграў канцэпт Вялікага Княства Літоўскага ў фармаванні нацыянальнага гістарычнага наратыву ў ХХ стагодзьдзі. Праз параўнальны аналіз прац В. Ластоўскага і М. Ермаловіча артыкул паказвае іх ролю ў абгрунтаваньні ідэі беларускай дзяржаўнасці і фармаваньні нацыянальнай сьвядомасьці.
Як адзначае Уладзіслаў Гарбацкі, дэкаляніялісцкі дыскурс Вацлава Ластоўскага праяўляецца і ў ягоных мовазнаўчых працах. Дасьледнік падсумоўвае свой аналіз публікацый Ластоўскага, прысвечаных моўнай палітыцы, русыфікацыі і крытыцы каляніялісцкага бачаньня, і ставіць Ластоўскага ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі. Асобная ўвага надаецца лексыкаграфічнай працы Ластоўскага і ягонаму „Падручнаму расійска-крыўскаму слоўніку“, у прадмове да якога закладзеныя вострая крытыка імпэрскай моўнай палітыкі і незалежніцкае пасланьне.
Артыкулы Алеся Сушы і Віктара Халіпава перагукаюцца фокусам і тэмаю: абодва аўтары разглядаюць грунтоўныя навуковыя працы, апублікаваныя ў 1920-я гады, якія прадставілі першыя агляды гісторыі беларускай кнігі і пісьменства. Асьвятляючы гісторыю стварэньня, зьмест і значэньне фундамэнтальнай „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі“ (1926) В. Ластоўскага, А. Суша падкрэсьлівае культуралягічны падыход, які ляжыць у яе аснове: праз разгорнутую бібліяграфію беларускіх выданьняў і рукапісаў ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя Ластоўскі паказаў „цэласную карціну разьвіцьця беларускай культуры як самабытнай, яркай і поўнавартаснай часткі сусьветнага культурнага працэсу“. У сваю чаргу, В. Халіпаў зьвяртаецца да „Гісторыі беларускае літэратуры“ (1920) М. Гарэцкага, канцэптуалізуючы яе як „уяўны дыскурс“ беларускай літаратуры, гісторыя якой зьнітаваная з наратывам нацыянальнага адраджэньня і станаўленьня беларускай нацыі. Гэтым, сярод іншага, праца Гарэцкага кантрастуе з сучаснай школьнай праграмай па беларускай літаратуры, якая пакідае па-за ўвагай уласнабеларускі кантэкст і палітычныя чыньнікі разьвіцьця культуры. Паводле дасьледніка, інклюзіўны і кантэкстуальны падыход Гарэцкага да вызначэньня межаў, этапаў і фактараў разьвіцьця беларускае літаратуры надзвычай актуальны і сёньня.
Дзейнасьці Ластоўскага як дасьледніка помнікаў даўніны і арганізатара музэйнай справы ў Беларусі прысьвечаны артыкул Сяргея Харэўскага. Паводле аўтара, Ластоўскі адным зь першых яшчэ ў нашаніўскі пэрыяд уводзіць у грамадзкі дыскурс панятак помнікаў даўніны як нацыянальных здабыткаў, на якіх мусіць адбудоўвацца жыцьцё народу. Асаблівая ўвага ў артыкуле надаецца працы па вывучэньні, зьбіраньні і захаваньні старажытных помнікаў, якую Ластоўскі разгарнуў у канцы 1920-х гадоў на пасадзе дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю.
Вольга Лабачэўская знаёміць чытача зь менш дасьледаванымі аспэктамі творчасьці Ластоўскага як мастацтвазнаўцы. Перагукаючыся з папярэднім аўтарам, дасьледніца прасочвае шлях Ластоўскага ад першага выкарыстаньня матываў слуцкага поясу ў кніжнай графіцы і праграмных артыкулаў у „Нашай ніве“ і „Крывічы“ да распрацоўкі мэтадалёгіі музэйнай справы і арганізацыі працы па зборы і вывучэньні ўзораў народнага мастацтва ў Савецкай Беларусі. Аўтарка пакрэсьлівае цэнтральную ролю, якую адыграла канцэпцыя беларускага народнага стылю, выснаваная Ластоўскім, у фармаваньні нацыянальнага мастацтва ў 1920-я гады.
Поруч з Ластоўскім, шэраг выдатных навукоўцаў спрычыніліся да станаўленьня беларускае навуковае этнаграфіі. Артыкул Сьцяпана Захаркевіча асьвятляе бачынкі жыцьця і творчасьці аднаго з найбольш яскравых этнографаў гэтага пакаленьня Аляксандра Шлюбскага, які амаль ня згадваецца ў сучасных гістарычных дасьледаваньнях. Зьвяртаючыся да публікацый Шлюбскага, ягонага ліставаньня з Я. Карскім і У. Пічэтам і іншых архіўных дакумэнтаў, аўтар малюе жывую і неардынарную постаць маладога і пладавітага навукоўцы, творчы і жыцьцёвы шлях якога быў перарваны рэпрэсіямі і вайной.
Тэму акадэмічных стасункаў паміж беларускімі мовазнаўцамі і Чэхаславаччынай у міжваенны пэрыяд разьвівае Міраслаў Янкавяк. Зьвяртаючыся да постаці выбітнага лінгвіста і беларусазнаўцы Яўхіма Карскага, аўтар апісвае, сярод іншага, удзел Карскага як прадстаўніка савецкай навукі ў Першым зьезьдзе географаў і этнографаў у Празе ў 1924 годзе. Паездкі і справаздачы Карскага асабліва цікавыя ў кантэксьце свайго часу, паказваючы пошук шляхоў супрацы зь міжнароднай акадэмічнай супольнасьцю на фоне пагаршэньня стасункаў паміж Савецкім Саюзам і дэмакратычнымі краінамі.
Натальля Русецкая зьвяртаецца да маладасьледаванай тэмы рэцэпцыі творчасьці Вацлава Ластоўскага ў Беларусі і ў Польшчы. Дасьледніца паказвае, як вяртаньне спадчыны дзеяча ў Беларусі суправаджала працэс аднаўленьня незалежнасьці і фармаваньня культурнай памяці. Зважаючы на абмежаваную прысутнасьць Ластоўскага ў польскай культурнай прасторы, аўтарка падкрэсьлівае важнасьць асобных прыкладаў культурнага трансфэру, у тым ліку публікацыі вершаў Ластоўскага ў польскамоўнай анталёгіі беларускай паэзіі „Чала я не хіліў прад сілай“.
Скразная ідэя, якая аб’ядноўвае ўсе тэксты зборніка, — гэта ўнікальная значнасьць інтэлектуальнага даробку беларускіх адраджэнцаў 1920-х гадоў для фармаваньня беларускае нацыі. Антон Пракапчук заўважае, што „гісторык нацыі — гэта яшчэ і яе творца“, падобным чынам Віктар Халіпаў кажа: „Працэс самаапісаньня нацыі ў пэўнай ступені зьяўляецца адначасова і працэсам яе тварэньня“. Гарэцкі ў „Гісторыі беларускае літэратуры“, Ластоўскі ў „Кароткай гісторыі Беларусі“ і ў „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі“, іншыя выбітныя навукоўцы — аўтары першых слоўнікаў, граматык, падручнікаў і бібліяграфій — займаліся ў рэшце рэшт менавіта нацыятворчасьцю — фармавалі пачаткі сучаснай нацыі, здольнай да суб’ектнасьці і самарэфлексіі.
Мы спадзяемся, што матэрыялы гэтага зборніка дапамогуць далейшаму вывучэньню і асэнсаваньню постацей і працэсаў, якія заклалі падмуркі сёньняшняе беларускае навукі і культуры, і што гэтыя матэрыялы заахвоцяць больш шырокую чытацкую аўдыторыю зьвярнуцца да тэкстаў Вацлава Ластоўскага ды іншых дзеячаў нашага адраджэньня.
Усе тэксты ў выданьні падаюцца клясычным правапісам кадыфікацыі 2005 году. У цытатах, дзе магчыма, мы імкнуліся захаваць дарэформавы правапіс публікацый 1920-х гадоў і адметную мову самога В. Ластоўскага.
Тэксты артыкулаў ілюстраваныя выявамі рэдкіх выданьняў і аўтографаў В. Ластоўскага, Я. Карскага, М. Гарэцкага, А. Шлюбскага і пазьнейшых перавыданьняў, якія захоўваюцца ў зборах Скарынаўскай бібліятэкі, і здымкамі С. Марозава.
Рэдактары шчыра ўдзячныя лёнданскаму Беларускаму дабрачыннаму фонду за фінансавую падтрымку выданьня.