Кніга пра іншую вайну

Артур Дронь. Хемінгуэй нічога не ведае. Пераклад з украінскай Евы Арловай. Мастак Сяргей Шабохін.

Нашае выдавецтва пачыналася дасьціпнай украінскай кнігай — “Бэйруцкімі апавяданьнямі” Агатангела Крымскага. Потым быў аўтафікшн ад Сяргія Жадана “Anarchy in the UKR“. Нам радасна, што інтарэс да ўкраінскай літаратуры штораз расьце, і ў нашага невялікага выдавецтва на Імглістым Альбіёне раз-пораз зьяўляецца магчымасьць публікаваць ейныя пераклады.

Пасля ўніверсітэта Артур Дронь паспеў правесці на працы сваёй мары паўгады. У лютым 2022 году ён далучыўся да 125-й брыгады тэрытарыяльнай абароны УСУ. Ён — таленавіты паэт, чые кнігі заваявалі шмат увагі ва Украіне і актыўна перакладаюцца і выдаюцца на іншых мовах. Па-беларуску вершы А. Дроня публікаваліся ў часопісе TAŬBIN і ў зборніку актуальнай украінскай паэзіі „Пра словы і цішыню між імі“.

Падчас рэабілітацыі пасля ранення ён напісаў сваю першую кнігу прозы. Там, на вайне, ён зразумеў, што ягоны досвед кардынальна адрозніваецца ад досведу ваенных пісьменнікаў мінулага. Пра гэта і кніга — пра іншую вайну.

„«Хемінгуэй нічога не ведае», — піша Артур Дронь. А што ведаем мы? У час калі адна суседняя краіна забівае другую суседнюю краіну, беларусы часта выбіраюць стратэгію ня-ведання. Ведаць — пякельна балюча, не ведаць — злачынства. Рваная аўтабіяграфічная проза А. Дроня рве душу на акрываўленыя шматкі, але таксама лечыць яе любоўю і надзеяй“. — Таццяна Астроўская, гісторыца

„2026 год. Цягнецца трагедыя ў Беларусі і катастрофа ва Украіне. Абедзве краіны ёсць часткай вайны: зашмат болю, замала прасторы для дыялогу. Прыкладна нуль. Ды й слова «нуль» абнулілася: не лічэбнік, а назоўнік. Не лічба, а месца, адкуль працягваюць не вяртацца. Папулярная кніга Артура Дроня — пульсуючае сведчанне таго, як словы вяртаюць свае сэнсы (бо прасторы для метафар таксама нуль) ці незваротна набываюць новыя. Простыя і сумныя словы. Простыя і сумныя рэчы. Пераклад кнігі «Хемінгуэй нічога не ведае» на беларускую мову — важная і рэдкая ніць супольнага дэкаланіяльнага наратыву. На Усходнім фронце без перамен“. — Алесь Плотка, літаратар

„Вайна ў гэтай кнізе прасякнутая шчымлівай любоўю да людзей — з усімі іх неідэальнасцямі. Памяць не пераўтвараецца у пафас. Героі паміраюць. Але кніга Артура дае надзею, што разарваныя вайной чалавечыя целы — гэта не канец. А нам патрэбна гэтая надзея“. — Ксенія Галубовіч, дакументалістка

„Хроніка жыцця салдата і грамадзяніна, напісаная Артурам Дронем, — шчымлівая, простая і пяшчотная. Надзвычайны і захапляльны шанец зазінуць ва ўнутраны свет маладога чалавека, які добраахвотна пайшоў абараняць сваю краіну“, — Шарлот Хігінс, галоўная культурная аглядальніца The Guardian

„Узнёслы, кружлівы палімпсест траўмы, гора, веры і рэабілітацыі. Артур Дронь — гэта дар нябёсаў: нават сярод спусташэння расійскага ўварвання ягоныя словы поўныя чалавечай любові і надзеі», — Фіёна Бэнсан, паэтка і рэдактарка англійскага перакладу зборніка Артура Дроня „Тут були ми“

„«Нам не варта мераць нашу вайну за выжыванне дзвюма сусветнымі войнамі, — піша Артур Дронь. — Нам патрэбна новая літаратура». «Хемінгуэй нічога не ведае» пазначае пачатак гэтай новай літаратуры — пакутліва пяшчотнай і бязлітасна шчырай“, — Алеся Храмяйчук, пісьменніца, дырэктарка Украінскага інстытута ў Лондане

„Незвычайная і моцная кніга ад найвялікшага ваеннага паэта і пісьменніка свайго пакалення. «Хемінгуэй нічога не ведае» — гэта інтымны аповед пра жыццё на лініі фронту ва Украіне і рэквіем па загінулых блізкіх. Але перш за ўсё — гэта сцвярджэнне чалавечага духу перад абліччам расійскага фашысцкага праекта знішчэння“, — Люк Хардынг, пісьменнік