“Скарына” ў 2025

ПАЭЗІЯ

  • Hanna Komar, Recycled (эл.кніга)
  • Артур Камароўскі, Анатомія
  • Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў, Пешшу
  • Андрэй Бурсаў, Сонм-Трава
  • Ілля Кульбіцкі, Хроніка адмаўлення пустаты 
  • Алесь Аркуш, Чаму праўда такая слабая?; Dlaczego prawda jest tak słaba?
  • Вольга Гапеева, На пухнатых лапках (анталогія нерыфмаванай паэзіі)

ПРОЗА

  • Вольга Гапеева, Кэмэл-трэвэл і Самота (эл.кнігі)
  • Маціяс Гёрыц, Паркер 
  • Зміцер Вішнёў, Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер
  • Вольга Касцюк, Дубовые яблочкі 
  • Маргерыт Юрсэнар, Anna, soror…;Арыентальныя навэлі
  • Палута Бадунова, Творы (2-е выд.)
  • Цімур Кудзеліч, Значныя дні

ДРАМАТУРГІЯ

  • Hanna Komar, Body in Progress; Целам сваім…

НЕМАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА

  • Вольга Барышнікава, І даўней так пелі: музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі
  • Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га (пад рэд. А. Карасцялёвай і В. Шадурскага)
  • – The Unbroken Generation. Youth Voices of Belarus 2020 (eds. Elena Korosteleva and Victor Shadurski)
  • Арцём Сізінцаў, На „Старт“ і ў „Тэмпе“! Ножны шпурляк на Аршаншчыне ⚽️
  • Элізабэт Бадэнтэр, Панове, паднапружцеся! 💪
  • “Новым імкненьням даць новыя формы”. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў
  • Міхал Карневіч, Беларускія галасы з Познані

2025-ы год нам запомніцца першай п’есай, першым эсэ, першай дзіцячай кнігай, першай кнігай пра спорт… Кнігі “Скарыны” цяпер ёсьць у кнігарнях трох краінаў. Большасьць можна набыць праз Амазон практычна па ўсім сьвеце. (На жаль, там няма Беларусі.) Многія кнігі сталі даступныя ў электронным фармаце. У нас сёлета выйшлі першыя англамоўныя публікацыі і мы старанна працавалі над тым, каб ангельская мова ў той ці іншай ступені станавілася часткай нашых беларускамоўных выданьняў. І мы захоўвалі, вывучалі самі і пашыралі традыцыю ўжываньня клясычнага правапісу беларускай мовы.

Рэдакцыйная калегія ў пэўнай ступені стала дасьледчым калектывам — за многімі кнігамі стаяць доўгія пошукі, дыскусіі, кансультацыі і ўнутры рэдкалегіі, і па-за ёй. У нас зьявіліся валянтэры (асаблівы дзякуй Лізе за ўнёсак у рэдагаваньне кніг) і невялічкая база ў Беластоку, каб зрабіць нашыя кнігі больш даступнымі. Мы шмат у чым пакладаемся на добрую волю сяброў і добразычліўцаў — бязь іх нічога не было б тут.

Мы старанна разбудоўвалі кантакты зь беларускамі суполкамі ў эміграцыі. Вынікам сталі і кнігі (“Беларускія галасы з Познані”), і імпрэзы. Вельмі радасна было трапіць у Ніцу і Парыж — кантактаў зь беларускай грамадой у Францыі мы шукалі даўно. Удзел ва ўсім, што арганізуе Інстытут беларускай кнігі, застаецца важным для нас — супольнымі намаганьнямі мы можам асягнуць больш. Супраца з Скарынаўскай бібліятэкай у Лёндане працягвалася памысна, яна — крыніца цікавых ідэяў і ўнікальных выданьняў. Нашым новым партнэрам сёлета стала акцыя “33 кнігі для іншай Беларусі”.

Апроч выданьня кніг мы шмат высілкаў аддалі на тое, каб беларусы ў Брытаніі мелі доступ да кніг розных выдавецтваў. Нашая анлайн-кнігарня цяпер мае больш за 200 кніг, а на кніжных кірмашах падчас беларускіх імпрэзаў у Лёндане сталоў стала бракаваць.

Наступны год, як ужо стала нашай традыцыяй, пачнецца паэтычным зборнікам. Знакавай падзеяй для нас стане сьвяткаваньне стагодзьдзя а. Аляксандра Надсана, прыклад якога быў натхненьнем для стварэньня выдавецтва “Скарына”.

На здымку: Падчас прэзэнтацыі ў Варшаве кнігі Арцёма Сізінцава “На „Старт“ і ў „Тэмпе“! Ножны шпурляк на Аршаншчыне”.